Беларуская Служба

30 гадоў таму Лукашэнку абралі прэзідэнтам

10.07.2024 13:01
З таго часу ён афіцыйна перамагаў на выбарах яшчэ пяць разоў: у 2001-м, 2006-м, 2010-м, 2015-м і 2020-м гадах.
Аляксандр Лукашэнкаpreseident.gov.ru

10 ліпеня 1994 года адбыўся другі тур першых прэзідэнцкіх выбараў, у выніку якога Аляксандр Лукашэнка перамог прэмʼер-міністра Вячаслава Кебіча і стаў прэзідэнтам Беларусі. З таго часу ён афіцыйна перамагаў на выбарах яшчэ пяць разоў: у 2001-м, 2006-м, 2010-м, 2015-м і 2020-м гадах.Прычым абвяшчэнне вынікаў у 2006-м, 2010-м і 2020-м прыводзіла да пратэстаў, нагадвае «Наша Ніва».

У 2006 годзе на Кастрычніцкай плошчы ўзнік намётавы гарадок, які быў знішчаны ў ноч на 24 сакавіка, праз адміністрацыйныя арышты прайшлі дзясяткі чалавек.

19 снежня 2010 года масавая дэманстрацыя была разагнаная на плошчы Незалежнасці, некалькі сотняў чалавек былі затрыманыя, у тым ліку і сем кандыдатаў у прэзідэнты. Андрэй Саннікаў і Мікола Статкевіч былі асуджаныя да рэальных тэрмінаў. Уладзімір Някляеў правёў месяц за кратамі, Алесь Міхалевіч – два месяцы ў турме. Віталь Рымашэўскі, Дзмітрый Ус і Рыгор Кастусёў былі затрыманыя на нейкі час, але потым выпушчаныя.

Фальсіфікацыя вынікаў выбараў у 2020 годзе наогул прывяла да нечуваных пратэстаў, якія доўжыліся некалькі месяцаў.

Адначасова з пратэстамі пачаліся масавыя рэпрэсіі, дзясяткі тысяч людзей прайшлі праз адміністрацыйныя арышты і штрафы, тысячы – праз СІЗА і калоніі, дзясяткі тысяч, калі не сотні тысяч былі вымушаныя эміграваць. Рэпрэсіі не спыняюцца і сёння.

аз