Беларуская Служба

Кіраўнік Цэнтра выдачы асабістых дакументаў Літвы адхілены ад пасады пасля расследавання БДЦ

10.07.2024 16:02
Вынікі праводжаных праверак могуць прывесці да анулявання кантракту Garsų pasaulis з літоўскім МУС.
.    .
Лупа. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:bluebudgie/pixabay.com/CC0 Public Domain

Нерыюс Рудайціс, які ўзначальваў Цэнтр выдачы асабістых дакументаў Літвы (ADIC), быў адхілены ад пасады пасля расследавання Беларускага даследчага цэнтра: «Пашпарт «Новай Беларусі» і стары «кашалёк» Лукашэнкі»
Пра гэта паведамляюць партнёры БДЦ па гэтым расследаванні – літоўскае выданне 15min, са спасылкай на свае крыніцы.

Як паведамлялася раней, літоўская кампанія Garsų pasaulis, якая друкавала бланкі дакументаў для грамадзян Літвы і абраная для друку пашпартоў «Новай Беларусі», звязана з фірмай GP Holographics і беларускім бізнесменам Віктарам Шаўцовым, набліжаным да Лукашэнкі.

Garsų pasaulis раней ужо была ўцягнутая ў карупцыйныя скандалы ў Кыргызстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Малдове. Цяпер праверку ў дачыненні да яе вядуць адначасова Служба па расследаванні фінансавых злачынстваў і Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы.

Вынікі праверак могуць прывесці да анулявання кантракта Garsų pasaulis з літоўскім МУС. З 2014 года кампанія Garsų pasaulis выйграла ўсе тры тэндэры на выраб бланкаў пашпартоў у Літве, апошні з якіх быў у 2022 годзе на суму больш за 30 млн еўра.

Паводле слоў намесніка міністра ўнутраных спраў Літвы Агнеты Ладэк, у выпадку скасавання кантракта з Garsų pasaulis, МУС разгледзіць альтэрнатыўныя варыянты друку дакументаў і ўлічыць вопыт Польшчы і Германіі, дзе пашпарты вырабляюць дзяржаўныя кампаніі.

аз