Беларуская Служба

Кніга Алексіевіч зноў трапіла ў Топ–100 кніг XXI стагоддзя

11.07.2024 08:30
У 2019 годзе кніга «Час сэканд-хэнд» таксама заняла трэцяе месца ў топ-100 найлепшых твораў XXI стагоддзя.
a
Святланa Алексіевіч Wikimedia Foundation/Elke Wetzig/CC BY-SA 3.0

Кніга Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд» трапіла ў Топ–100 кніг XXI стагоддзя паводле The New York Times. Рэйтынг складзены па выніках апытання 503 празаікаў, аўтараў нон-фікшн, паэтаў, крытыкаў і іншых аматараў кніг – з невялікай дапамогай супрацоўнікаў The New York Times Book Review.

Выданне называе свой спіс рэйтынгам найбольш важных і ўплывовых кніг эпохі, нагадвае «Свабода». Ацэньваліся кнігі, якія выйшлі пасля 1 студзеня 2000 года. Сярод іх апынулася і кніга беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд». Кнігу выдалі ў 2013 годзе. Яна расказвае пра савецкага «чырвонага чалавека» і траўмы ад распаду СССР. Гэта мастацка-дакументальная проза, non-fiction.

Паводле кнігі ўжо ставілі спектаклі ў Беларусі. За творчасць як «помнік пакутам і мужнасці ў наш час» Алексіевіч далі ў 2015 годзе Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Кожны з апытаных экспертаў назваў 10 найлепшых кніг. Удзел у адборы бралі Стывэн Кінг, Карл Увэ Кнаўсгаард, Элін Хільдэрбранд, Томас Чатэртан Уільямс, Сара Маклін, Мін Джын Лі і сотні іншых.

У 2019 годзе кніга «Час сэканд-хэнд» заняла трэцяе месца ў топ-100 найлепшых твораў XXI стагоддзя, складзеным брытанскім выданнем The Guardian.

аз