Беларуская Служба

Літоўскія спецслужбы заяўляюць, што ўлады Беларусі выкрадаюць людзей

11.07.2024 18:36
«Беларускі рэжым поўны рашучасці выкрадаць грамадзян Літвы», – заявіў дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Дарыюс Яўнішкіс (Darius Jauniškis).
   .
Мяжа Літвы і Беларусі.Фота: shutterstock/Karolis Kavolelis

Паводле Дарыюса Яўнішкіса ў інтэрвʼю 15min.lt людзей спыняюць на беларуска-літоўскай мяжы, адбіраюць тэлефоны і кампʼютары, спампоўваюць інфармацыю, распытваюць пра месца працы, настрой, палітычныя падзеі.

«Закідваюць сеткі, як рыбакі, а потым усё разбіраюць», – кажа дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы.

З 1 сакавіка Літва закрыла памежныя пункты пропуску «Райгард» і «Лаворышкі». У першым паўгоддзі гэтага года мяжу з Літвы ў Беларусь перасекла 661 тысяча чалавек – на траціну менш, чым летась. На думку Яўнішкіса, «пэўны эфект ад абмежаванняў ёсць, але не так, як хацелася б».

«Мы бачым беларусаў, якія тут працуюць, але вяртаюцца на радзіму. Там яны сутыкаюцца з беларускім КДБ, дзе іх дапытваюць і вярбуюць, у нас ёсць факты. Людзі, якія прыехалі сюды, маюць у Беларусі сваякоў і родных, якія могуць быць напалоханыя рэжымам і некаторыя з іх пагаджаюцца на супрацоўніцтва. Такім чынам яны ствараюць інтэлектуальныя магчымасці. Мы бачым тут шмат пагроз, але часам атрымліваем крытыку ад палітыкаў, што мы пераацэньваем сітуацыю. Але мы проста хочам абараніць нашу краіну ад рэальных пагроз. Мы памежная дзяржава ў кантэксце вайны Расіі ва Украіне. З-за гэтага мы надзвычай цікавыя расійскім і беларускім спецслужбам – ім важныя настроі людзей, якія палітычныя працэсы, якая прыйдзе ўлада», – заяўляе дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы.

Ён таксама кажа пра тое, што спецслужбы Беларусі і Расіі таксама выкарыстоўваюць праявы літвінізму для падтрымання напружанасці паміж беларускай дыяспарай і насельніцтвам Літвы.

– Гэта інструмент беларускага КДБ, каб нагнятаць напружанне паміж літоўскай і беларускай супольнасцямі, нагнятаць канфлікт. Зразумела, гэта не значыць, што ніхто ў беларускай дыяспары ў гэта не верыць, – заяўляе дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Дарыюс Яўнішкіс. – Трэба шукаць шляхі абароны ад разведкі і контрвыведкі пагрозы разведкі. Як кіраўнік Дэпартамента ўнутранай бяспекі я мог бы выступаць за закрыццё межаў, але разумею, што поўнае закрыццё руху зараз не вельмі магчымае. Мы ў Шэнгенскай зоне. Беларусы могуць міграваць і праз іншыя краіны. Трэба істотна ўзмацніць разведку і контрвыведку, што каштуе як людскіх, так і фінансавых рэсурсаў.

На пытанне аб прызнанні ў Беларусі судом грамадзянкі Літвы Алены Раманаўскене вінаватай у шпіянажы і прызначэння ёй пакарання ў выглядзе шасці гадоў пазбаўлення волі Дарыюс Яўнішкіс сказаў, што ведае пра гэты выпадак:

«На маю думку, беларускі рэжым пайшоў на выкраданне літоўскіх грамадзян без усялякай падставы. Нам вядома, што яна была асуджаная на шэсць гадоў пазбаўлення волі за агентурную дзейнасць. На наш погляд, гэта поўная лухта. Гэта вельмі няправільна. Хачу папярэдзіць нашых грамадзян, якія яшчэ маюць жаданне ездзіць у Беларусь па больш танныя тавары ці бензін – гэты выпадак сурʼёзна паказвае, што беларускі рэжым настроены выкрадаць грамадзян Літвы. Мяркуючы па ўсім, таксама будуць пэўныя захады і рэакцыя літоўскіх уладаў. Не мы выкрадаем іх грамадзян, яны выкрадаюць грамадзян, фабрыкуюць доказы, асуджаюць і саджаюць. Гэта вельмі трывожныя тэндэнцыі. Звяртаю ўвагу грамадскасці – падумайце сурʼёзна, едучы туды, бо вы можаце апынуцца на месцы гэтай жанчыны».

Паводле апошніх звестак, у Літве пражывае 221 тысяча замежнікаў, з іх – 76 тыс. украінцы, 62 тыс. беларусы, 15 тыс. расіян. Мігрантаў з Сярэдняй Азіі становіцца ўсё больш – у Літве цяпер пражываюць 10 тысяч узбекаў, 7 тысяч таджыкаў.

вх