Беларуская Служба

У Мазыры за «распаўсюд экстрэмізму» пакаралі галоўную рэдактарку газеты і спецыяліста НПЗ

12.07.2024 14:22
Праваабаронцам стала вядома пра палітычны адміністрацыйны пераслед жыхароў Мазыра – супрацоўнікаў нафтаперапрацоўчага завода.
Ілюстрацыйны здымакФота з адкрытых крыніц

Паводле атрыманай інфармацыі, 10 ліпеня карныя структуры затрымалі дваіх супрацоўнікаў Мазырскага НПЗ: спецыяліста завода Валерыя Бойшу і галоўную рэдактарку завадской газеты «Мозырский нефтепереработчик» Святлану Богуш, піша  «Флагшток» са спасылкай на «Гомельскую вясну».

Абодвух асудзілі паводле часткі 2 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўнесена ў так званы рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Прысуд, які вынесла суддзя Святлана Буйнавец, пакуль удакладняецца.

Святлана Богуш таксама вядомая як інтэлектуалка – яна з'яўляецца знатаком мясцовай каманды, якая перамагала ў конкурсах, удзельнічала ў тэлепраектах.

А Валерый Бойша, як высветліў Флагшток, – 59-гадовы памочнік генеральнага дырэктара па грамадзянскай абароне. Літаральна на днях ён уручаў на прадпрыемстве ганаровыя граматы санітарнай дружыне. Узгадваўся і ў пачатку года, калі заклікаў удзельнічаць у выбарах.

яс