Беларуская Служба

Інтэрпол выкрасліў Андрэя Гнёта са свайго «чырвонага спісу»

19.07.2024 17:35
журналіст чакае апеляцыйнага суда, хатні арышт у Сербіі працягваецца.
Ілюстрацыйнае фотаTang Yan Song / Shutterstock.com

Генеральны сакратарыят Інтэрпола ў электронным лісце паведаміў Прадстаўніцтву Еўрасаюза ў Сербіі пра тое, што падстаў для знаходжання беларускага журналіста Андрэя Гнёта ў міжнароднай базе Інтэрпола ці ў «red notices for wanted persons» няма. Інтэрпол прызнае палітычную падаплёку справы журналіста і зазначае, што знаходжанне Андрэя Гнёта ў «чырвоным» спісе супярэчыць артыкулам 2 і 3 Статута Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі.

Згодна артыкулу 2, Інтэрпол мае на мэце забяспечваць «шырокае ўзаемадзеянне крымінальнай паліцыі ў межах дзейнага заканадаўства краіны і ў духу Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека».

Артыкул 3 падкрэслівае: «Арганізацыі катэгарычна забараняецца ажыццяўляць якое-небудзь умяшальніцтва ці дзейнасць палітычнага, ваеннага, рэлігійнага ці расавага характару».

13 чэрвеня Андрэй Гнёт падаў скаргу на рашэнне Вярхоўнага суда Сербіі аб экстрадыцыі ў Апеляцыйны суд: «Падалі апеляцыю, мы маем на гэта права. Але гэта ўжо будзе мая апошняя апеляцыя і мой апошні шанец, каб сябе нейкім чынам абараніць і зберагчы сваё жыццё. Калі будуць слуханні гэтага апеляцыйнага суда, не ведае ніхто. Суддзя можа прызначыць пасяджэнне як у бліжэйшыя два тыдні, так і ў бліжэйшыя два-тры месяцы. І ўвесь гэты час я павінен знаходзіцца пад хатнім арыштам».

Пры гэтым, кажа Андрэй Гнёт, вынік справы, нягледзячы на аптымістычныя навіны ад Інтэрпола, непрадказальны: «Гэта як казіно. Калі я размаўляў з дыпламатамі краін ЕС, адзін з іх заўважыў: «Андрэй, гэтая справа ляжыць у палітычнай плоскасці, будзеш ты выступаць на судзе ці не выступаць, танцаваць, спяваць, жартаваць — усё гэта не мае ніякага сэнсу. Ты можаш рабіць на судзе што заўгодна. Гэта проста цалкам палітычная справа».

Андрэй Гнёт заўважае, што міжнародны розгалас, падтрымка журналісцкіх, праваабарончых арганізацый насамрэч сур’ёзна дапамаглі і дапамагаюць ягонай справе, «бо, калі б не было гэтага ўплыву, то, можа, яшчэ 7 снежня экстрадыравалі б».

41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Мужчына быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі, калі прыляцеў у Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку па запыце беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Спачатку мужчыну было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка 2024 года Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў гэтую пастанову. Пасля гэтага справа аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта пераглядалася яшчэ некалькі разоў.

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў/юл