Беларуская Служба

Беларусам патрэбная праца прафесійных службаў, а не палітвязняў, – Святлана Ціханоўская пра шторм

21.07.2024 14:09
Беларуская лідарка звярнулася да беларусаў.
Святлана ЦіханоўскаяЗдымак: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская запісала відэа, у якім звярнулася да беларусаў, якія годна і з гумарам перамаглі ўсе праблемы і складанасці непагадзі нягледзячы на тое, што ад дзяржавы не было неабходнай дапамогі.

«Захапляюся, таму што вы адолелі шторм лепш, чым гэта рабіла дзяржава. У час, калі ад улады патрабуюцца максімальныя намаганні, каб ліквідаваць наступствы патопу, беларусы зразумелі: зноў, у каторы ўжо раз, што нам даводзіцца спадзявацца толькі адзін на аднаго.

А тое, што рэжым не змог аператыўна зрэагаваць і забяспечыць усім неабходным тых, хто пацярпеў, – відавочны доказ праблемы, пра якую ўлады маўчаць. Гэта недахоп кваліфікаваных кадраў і паслядоўны ад'езд людзей з краіны. Гэта праблема, якая рана ці позна пачынае адбівацца на ўсіх сферах жыцця краіны. І ў тым ліку на ўстойлівасці інфраструктуры. Рэжыму куды прасцей абвінаваціць ва ўсім беларусаў. У любой складанай сітуацыі.

Але беларусы проста хочуць, каб дзяржава выконвала свае абавязацельствы. Людзям не трэба, каб завалы расчышчалі палітвязні. Ім патрэбна праца адпаведных службаў і прафесіяналаў. Але рэжым зноў паказаў, што прыдатны толькі для рэпрэсій, а не для дапамогі грамадзянам. Дарагія, калі ласка, беражыце сябе і родных, працягвайце падтрымліваць тых, хто побач. Абʼядноўвайцеся, каб дапамагчы тым, хто моцна пацярпеў ад стыхіі. Наша яднанне і ўзаемадапамога – гэта тое, што не зможа разбурыць ні адна стыхія«, – адзначыла Святлана Ціханоўская.

19 ліпеня Лукашэнка праводзіў селектарную нараду наконт ліквідацыі наступстваў урагану. Ён заявіў, што раіўся з міністрам унутраных справаў Іванам Кубраковым з нагоды прыцягнення да працаў зняволеных: «Я ўжо казаў міністру ўнутраных справаў, ён падключыцца. У нас больш за 20 тыс. сядзельцаў і так званых палітвязняў. Туды, на прасеку, дапамажыце краіне».

Бура пранеслася па Беларусі напрыканцы мінулага тыдня. Паводле звестак МНС, загінулі шэсць чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Пацярпела каля 600 населеных пунктаў, упалі сотні дрэў. Гэта найбуйнейшае стыхійнае бедства апошняга часу ў краіне.

Тэлеграм-канал С. Ціханоўскай

нг