Беларуская Служба

У Віцебскай вобласці працягваецца рост колькасці карупцыйных злачынстваў

25.07.2024 17:16
Колькасць хабараў на Віцебшчыне сёлета выяўлена на 24% больш, чым за 2023 год.
Карупцыя/хабар Schutterstock/Atstock Productions

Па словах мясцовых праваахоўнікаў, карупцыя ў вобласці б'е ўсе рэкорды. З пачатку года на Віцебшчыне зарэгістраваны 104 злачынствы па карупцыйных артыкулах. Такія лічбы агучыў пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец на прэс-канферэнцыі ў медыяцэнтры. А начальнік УБЭЗ УУС Віцебскага аблвыканкама Павел Бялянін у эфіры мясцовага тэлеканала заявіў, што ў 2023 годзе хабараў было выяўлена на 145% больш, чым у 2022.

За мінулы перыяд 2024-га выяўлена выпадкаў хабару на 24% больш, чым за мінулы год. Эксперты адзначаюць – чым горш агульная сітуацыя ў краіне, тым больш колькасць карупцыйных злачынстваў. Аднак статыстыка раскрытых эканамічных злачынстваў у Беларусі даўно не адпавядае рэчаіснасці. Бо за карупцыю службоўцаў караюць толькі ў выключных выпадках.

У міжнародным рэйтынгу ўспрымання карупцыі Беларусь знаходзіцца на 98 месцы са 180 краін, адстаючы на 64 пазіцыі ад суседняй Літвы, на 62 – ад Латвіі і на 51 – ад Польшчы. Суседзі Беларусі ў рэйтынгу – Аргенціна і Эфіопія.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск