Беларуская Служба

Чыноўнікі знайшлі больш за 150 тысяч «лішніх» беспрацоўных. Як так атрымалася?

26.07.2024 15:20
Фактычна беспрацоўнымі ў Беларусі ў першым квартале былі 156,2 тыс. чалавек. Пра гэта паведамляе Белстат.
 .
Ілюстрацыйны здымак. Фота: TUT.BY

Гэтыя дадзеныя разлічаны па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы. Пры гэтым афіцыйна беспрацоўнымі ў Беларусі на пачатак ліпеня лічыліся чатыры тысячы чалавек.

Афіцыйна зарэгістраванае беспрацоўе ў Беларусі прыкметна ніжэй за фактычнае. На 1 ліпеня на ўліку ў цэнтрах занятасці беспрацоўнымі былі чатыры тысячы чалавек.

Гэта значыць, фактычна беспрацоўных у 39 разоў больш, чым афіцыйных.

Сярод прычын, па якіх беларусы не рэгіструюцца ў цэнтрах занятасці, эксперты неаднаразова называлі нізкі памер дапамогі па беспрацоўі. У Мінпрацы неаднаразова анансавалі планы па павышэнні гэтых выплат, аднак гэта да гэтага часу не было зроблена.

На 26 ліпеня ў цэлым па краіне не хапае амаль 164,6 тысяч работнікаў. Столькі прапаноў ад наймальнікаў размешчана ў агульнарэспубліканскім банку вакансій.

Разам з тым у красавіку зноў скарацілася колькасць занятых у эканоміцы, паведамляў Белстат. Гэты паказчык раней вырас у сакавіку і лютым, а да гэтага падаў тры месяцы запар. Вырашыць праблему з недахопам работнікаў у Беларусі не ўдаецца ўжо не першы год. Сярод прычын — ад'езд спецыялістаў на працу за мяжу, а таксама звальненні з-за «палітыкі».

Раней, 9 красавіка, Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на дэфіцыт кадраў на заводах. Пры гэтым прамысловыя прадпрыемствы па-ранейшаму не хочуць браць на працу тых, хто засвяціўся па «палітычных» артыкулах. На гэтым фоне Мінпрацы пашырыла спіс прафесій, на якія могуць прыцягвацца замежнікі, якія не маюць дазволу на сталае пражыванне ў Беларусі. 

zerkalo.io/вх