Беларуская Служба

Палітвязням, у якіх заканчваюцца тэрміны, прапанавалі напісаць прашэнні аб памілаванні

26.07.2024 13:17
Палітвязням, тэрміны якіх блізкія да завяршэння, прапанавалі пісаць просьбы аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneshutterstock/ sakhorn

Такую інфармацыю перадала «Радыё Свабода» крыніца са спасылкай на сваякоў зняволеных калоніі № 15 пад Магілёвам. Сваё імя крыніца прасіла не называць у мэтах бяспекі. Крыніца дадала да гэтай інфармацыі некаторыя падрабязнасці.

«На пачатку месяца з калоніі па амністыі выйшлі палітвязні, у якіх вялікія праблемы са здароўем. Некалькі чалавек. А цяпер выклікалі палітвязняў, у якіх са здароўем адносна нармальна, але ў іх неўзабаве заканчваюцца тэрміны. Месяц, а то і пара тыдняў – і на свабоду. І прапанавалі ім пісаць прашэнні аб памілаванні. Сказалі, што Лукашэнка можа падпісаць, хай чакаюць. Некаторыя цяпер думаюць, ці варта пагаджацца, бо і без таго спадзяюцца выйсці неўзабаве на волю», – расказала крыніца.

Колькасці тых, каму было прапанавана пісаць прашэнні аб памілаванні, суразмоўца не ведае.

«Гэта некалькі чалавек, не адзінкі. Але сярод іх дакладна няма тых, каму выходзіць на волю яшчэ няхутка», – сказала крыніца.

Паводле праваабаронцаў, у пачатку ліпеня на волю па амністыі і праз памілаванне выйшлі каля 20 палітвязняў. Па стане на 5 ліпеня праваабаронцы «Вясны» дакладна гаварылі пра 16 вызваленых палітзняволеных.

Тады публічна называлася толькі імя лідара партыі БНФ Рыгора Кастусёва, асуджанага на 10 гадоў калоніі, які хварэе на анкалогію. Пазней стала вядома, што тады ж на волю па памілаванні з гомельскай жаночай калоніі выйшлі палітзняволеныя ,Дар’я Лосік Святлана Лупач, Паліна Палавінка, Тамара Астрэйка і Кацярына Мадзянкова.

вх