Беларуская Служба

Расійскі шпіён, якога абмянялі, як мінімум два разы прыходзіў у офіс Латушкі

02.08.2024 19:10
Расійскі агент таксама прыходзіў у Беларускі дом у Варшаве.
Павел ЛатушкаFoto: Фота з адкрытых крыніц

Намеснік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў выданню «Позірк», што перададзены ўчора Расіі ў рамках абмену зняволенымі расійскі агент Павел Рубцоў двойчы прыходзіў ў офіс НАУ браць у яго інтэрвʼю.

Рубцоў працаваў у Польшчы да лютага 2022 года і прадстаўляўся іспанскім журналістам расійскага паходжання Пабла Гансалесам. У СМІ паведамлялася, што Рубцоў-Гансалес быў затрыманы 28 лютага 2022 года па падазрэнні ў шпіянажы.

«Гансалес як мінімум двойчы прыходзіў у офіс НАУ, каб узяць у мяне інтэрвʼю для іспанскіх выданняў. У якасці сведкі па гэтай крымінальнай справе я даваў паказанні», – сказаў Латушка.

На думку палітыка, факт таго, што «прадстаўнік расійскіх спецслужбаў» сядзеў насупраць яго «на адлегласці выцягнутай рукі», дэманструе, з аднаго боку, «актыўнасць расійскіх спецслужбаў на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза, а з другога боку, паказвае рэальнасць рызык і пагроз, якія ўзнікаюць для прадстаўнікоў дэмакратычных сіл».

«Гэта яшчэ раз пацвярджае неабходнасць узмацняць меры бяспекі, у тым ліку і самабяспекі для ўсіх тых, хто працягвае змагацца супраць рэжыму Лукашэнкі. Рызыкі абсалютна рэальныя», – падкрэсліў Латушка.

Раней пра тое, што Рубцоў-Гансалес» прыходзіў браць інтэрвʼю ў яго паведамляў у «Фэйсбуку» кіраўнік Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. Здарылася гэта ў лістападзе 2021 года.

вс