Установа рыхтуецца да пашырэння сваёй прапановы адукацыйнага характару з элементамі розных практычных заняткаў.
Музей гісторыі польскіх яўрэяў Polin вядомы сваёй адкрытасцю ды ўразлівасцю на нацыянальныя ці канфесійныя меншасці. Гэта адзін з варшаўскіх музеяў, якія адзін з першых меў падрыхтаваныя аўдыёгіды па-беларуску (цяпер яны абнаўляюцца ш неўзабаве будуць даступныя для наведвальнікаў), а таксама ладзіць экскурсіі ці шпацыры на беларускай мове.
Сярод апошніх актыўнасцяў – вандроўка «Пазнаем яўрэйскі Муранаў» ды экскурсія па часовай выставе«(пасля)ЯЎРЭЙСКАЕ… Штэтль Апатаў вачыма Маера Кіршэнблата». Згаданая экскурсія адбылася ў рамках сёмага фестывалю яўрэйскай кухні TISZ «Рыба, гусь і халка: смакі малых мястэчак».
Апроч экскурсіі ў музеі адбыўся майстар-клас па гатаванні халкі. Гэта было першае падобнае мерапрыемства, але далёка не апошняе, таму што музей накіраваны на тое, каб супрацоўнічаць з меншасцямі, якія жывуць у Польшчы і ў Варшаве, распавядае Аляксандра, якая займаецца ў Музеі Polin беларускімі праектамі.
- Мы робім праекты для украінцаў, для беларусаў, для ромаў, штосьці нават для в’етнамцаў. Мы хочам супрацоўнічаць як мага больш, каб наша інфармацыя распаўсюджвалася сярод як мага большай колькасці людзей. Таму мы зацікаўленыя ў тым, каб размаўляць з беларусамі, запрашаць на мерапрыемствы. Таму што гэты музей, хоць і называецца музеем гісторыі польскіх габрэяў, насамрэч ён пра нашу сумесную гісторыю: Польшчы, Беларусі, Украіны ды Літвы.
Гэта ў шырокім сэнсе для меншасці, а якую прапанову музей мае для беларусаў?
- Цяпер у нас былі такія праекты, што кожны месяц адбываліся альбо экскурсіі на беларускай мове па часовых выставах. Яны, дарэчы, былі бясплатныя. Яшчэ былі шпацыры па раёне Варшавы Муранаў, дзе калісьці было гета. Кожны месяц беларусы маглі штосьці наведаць і праграма была на беларускай мове. Дарэчы, беларусы вельмі зацікаўленыя ў такіх мерапрыемствах. У нас заўсёды былі вялікія групы.
На вашую думку, чым тлумачыцца такі інтарэс беларусаў да гісторыі яўрэяў?
- Я часам праводзіла сваё прыватнае анкетаванне і пыталася адкуль зацікаўленасць. Некаторыя людзі казалі, што ў іх ёсць яўрэйскія карані, некаторыя, што паходзяць з мястэчка, дзе калісьці было шмат яўрэйскага насельніцтва і таму зацікавіліся. Немалаважную ролю ў гэтым грае тое, што Polin – адзін з нешматлікіх музеяў у Варшаве, дзе ёсць прапанова для беларусаў і на беларускай мове. Людзі камфортна сябе адчуваюць, калі ёсць магчымасць пачуць на роднай мове пра сваю гісторыю. Некаторыя проста цікавяцца гісторыяй ды прыходзяць на гэтыя экскурсіі.
Хто прыходзіць на вашы мерапрыемствы - гэта за людзі, ці гэта больш моладзь, сталага ўзросту людзі?
- У нас абраны курс супрацоўніцтва з рознымі беларускімі арганізацыямі праз іх мы хочам дайсці да беларускай аўдыторыі. Мы робім мерапрыемствы абсалютна для розных узроставых катэгорый. На іх прыходзяць людзі розных узростаў: падлеткі, пенсіянеры ды людзі сярэдняга ўзросту. Мы таксама супрацоўнічаем з беларускімі арганізацыямі, якія прыводзяць нам дзяцей на заняткі. Яшчэ мы пачынаем развіваць супрацоўніцтва з арганізацыямі, каб стварыць прапанову для падлеткаў. Не так шмат для іх актыўнасцяў, больш ладзіцца для дзяцей. Падлеткі абмінаюцца і мы хочам запоўніць гэты прагал.
Скажыце, якія вашыя планы, ці апроч экскурсій вы б хацелі рабіць больш практычных заняткаў?
- Так. Мы хочам рабіць больш практычных рэчаў. На нашу думку, падлеткам не вельмі цікава слухаць доўгія лекцыі, нашмат цікавей праз практыку пазнаваць нешта новае, рабіць сваімі рукамі. Таму сёння ў нас майстар-клас, у бліжэйшую суботу таксама будзе. Гэта будзе для падлеткаў вакол пастаяннай выставы, яны будуць рабіць спецыяльныя заданні.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч