Беларуская Служба

Жонку мінскага лекара Руслана Бадамшына асудзілі за пратэсты. Раней прысуд вынеслі яму самому

13.08.2024 13:30
У маі ў Мінску за ўдзел у пратэстах вынеслі прысуд вядомаму лекару-неўролага Руслану Бадамшыну.
 .
Руслан Бадамшын. Фота з сацсетак

Як даведалася zerkalo.io, у сям’і пацярпеў ад рэпрэсій не толькі ён адзін — яго жонку Таццяну Бадамшыну пазней асудзілі па тым жа «народным» артыкуле.

Таццяну Бадамшыну абвінавачвалі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.  1 арт.  342 КК). Звычайна такое абвінавачанне прад’яўляюць шараговым удзельнікам мірных маршаў пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе.

Справу Таццяны разглядаў суд Фрунзенскага раёна сталіцы. Які менавіта прысуд ёй вынеслі, невядома.

Бадамшына абскардзіла рашэнне суда першай інстанцыі. Яе апеляцыю будуць разглядаць 16 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе. З яго раскладу і стала вядома, што жанчына была падвергнутая рэпрэсіям, як і яе муж.

Таццяне пагражае пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам да 3 месяцаў, альбо абмежавання волі тэрмінам ад 2 да 5 гадоў, альбо пазбаўлення волі тэрмінам да 4 гадоў.

Руслан Бадамшын — урач-неўролаг. Раней ён працаваў у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі ўрачом функцыянальнай дыягностыкі, спецыялізаваўся на спадчынных і набытых нейромышечных захворваннях, у тым ліку СМА.

У жніўні 2020 года Бадамшын падтрымаў пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. Тады ж яго першы раз затрымалі і адправілі на «суткі». Цягам некалькіх месяцаў ён трапляў за краты пяць разоў і сумарна адбыў больш за 60 сутак адміністрацыйнага арышту. Апошні раз, наколькі вядома, гэта адбылося ў сакавіку 2021 года, і амаль увесь месяц ён правёў за кратамі. У дзень вызвалення яго звольнілі з РНПЦ за тое, што ён спазніўся на працу пасля выхаду з ізалятара ў Жодзіне.

У 2024 годзе Бадамшына затрымалі зноў. Гэта адбылося раніцай 28 лютага. Супраць яго распачалі крымінальную справу за фота з акцыяў пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску.

7 траўня ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы суддзя Юлія Крэпская вынесла неўролага прысуд. Яму прызначылі 3 гады «хатняй хіміі» — абмежаванні волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з 2020-га года ў Беларусі затрымлівалі каля 65 тысяч чалавек.

вх