Святлана Ціханоўская напісала:
«33 гады таму Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Тое, пра што марылі многія пакаленні беларусаў, нарэшце стала рэальнасцю. Нашая краіна вярнулася на карту Еўропы. Мы вярнулі сабе сваю дзяржаву, герб і сцяг, а пазней прынялі і ўласную Канстытуцыю.
Увогуле, гісторыя нашай краіны – гэта гісторыя барацьбы за свабоду. Мы паўставалі, калі нас спрабавалі паняволіць. Мы вялі партызанскія баі, калі войску не хапала рук. Мы пераходзілі да ціхага пратэсту і не дазвалялі спыніць біццё свабодалюбівага беларускага сэрца, калі здавалася, што ўсё прапала.
У беларусаў ёсць якасці, якія заўжды дапамагалі нам перажыць цёмныя часы. Цярплівасць і працавітасць, талерантнасць і міралюбнасць, імкненне да справядлівасці і любоў да сваёй зямлі. І я веру, што дзякуючы гэтым якасцям, а таксама нашай салідарнасці, мы і цяпер зможам вярнуць сабе наш дом, вызваліць людзей з турмаў і адстаяць незалежнасць нашай краіны.
Я заклікаю кожнага з нас працягваць барацьбу. Не дазваляйце дыктатарам зняверыць вас і паставіць пад сумнеў абраны шлях. Распаўсюджвайце інфармацыю сярод суседзяў, сяброў і родных. Размаўляйце па-беларуску. Праяўляйце салідарнасць. Дапамагайце тым, хто ў бядзе, асабліва нашым палітвязням, рэпрэсаваным, добраахвотнікам. Няхай гэта будуць невялікія крокі, але кожны дзень.
Я хачу павіншаваць усіх беларусаў з 25 жніўня – Днём аднаўлення незалежнасці. Але я ўпэўненая, што будзе і яшчэ адна дата – дзень, калі беларускі народ скіне, цяпер ужо назаўсёды, цяжар дыктатуры.
Жыве Беларусь!»
ТГ Святланы Ціханоўскай
нг