У Вярхоўны суд накіравана заява аб прызнанні «фарміравання «Полк імя Кастуся Каліноўскага» з структурнымі падраздзяленнямі, якія ўваходзяць у яго склад, тэрарыстычнай арганізацыяй», паведамляе «Позірк» са спасылкай на прэс-службу Генеральнай пракуратуры.
Адзначаецца, што адпаведную заяву генпракурор Андрэй Швед падаў на падставе закона «Аб барацьбе з тэрарызмам» па прапанове Камітэта дзяржбяспекі.
Полк Каліноўскага створаны ва Украіне «былымі ўдзельнікамі беларускіх нацыяналістычных фарміраванняў, футбольных ультрас, а таксама асобамі, якія бралі актыўны ўдзел у масавых беспарадках у 2020 і 2021 гадах на тэрыторыі Беларусі і выехалі ў сувязі з гэтым за мяжу», заявіў у відэакаментарыі афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў.
Полк, лічаць у наглядным органе, займаецца вярбоўкай «грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў», якія пражываюць за мяжой і «негатыўна ставяцца да кіраўніцтва» Беларусі і Расіі, «для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны супраць расійскіх Узброеных сіл і воінскіх фарміраванняў».
Акрамя таго, сцвярджае Брылёў, полк вядзе падрыхтоўку сіл і сродкаў «для захопу ўлады ў Беларусі ўзброеным шляхам, для чаго дапускаюцца здзяйсненне актаў тэрарызму і дыверсій, захоп і ўтрыманне людзей у якасці заложнікаў, знішчэнне, пашкоджанне і блакаванне будынкаў, збудаванняў, шляхоў ці сродкаў зносін, а таксама заклікі на замах на тэрытарыяльную цэласнасць краіны».
«Полк курыруюць і фінансуюць улады некаторых замежных дзяржаў, у тым ліку іх спецыяльныя выведвальныя службы. Для інфармацыйнай падтрымкі ў гэтым фарміраванні выкарыстоўваюць шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, а ў закрытых чатах мэсэнджараў яго прадстаўнікі вядуць дэталёвую прапрацоўку і планаванне сваіх акцый», — сказаў прадстаўнік Генпракуратуры.
Ён заявіў, што «супрацьпраўная дзейнасць палка» пацвярджаецца «матэрыяламі крымінальных спраў аб здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў», у ліку якіх «акты тэрарызму, распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы» ды інш.
Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны (УСУ), а 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк у складзе двух батальёнаў — «Волат» і «Тэрор». Пазней быў сфармаваны трэці — «Літвін». Пасля «Тэрор» стаў асобным падраздзяленнем УСУ па-за складам палка.
25 верасня 2023 года полк Каліноўскага абвясціў пра стварэнне новага батальёна Western з удзелам замежнікаў, у склад якога ўвайшлі «афіцэры краін НАТО і замежныя грамадзяне, якія маюць баявы досвед у Іраку і Афганістане».
У складзе палка таксама дзейнічае тактычная група Крыўцова, якая займаецца беспілотнай аэравыведкай, карэктаваннем агню ды інш.
У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага ўзбуджаная крымінальная справа, ён прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».
аз