Беларуская Служба

У Беларусі не спыняецца пераслед апанентаў Лукашэнкі

09.09.2024 15:12
У Гродна «судзяць» са салідарнасць з палітвязнямі, а ў Брэсце яшчэ 10 чалавек пераследуюць за пратэсты 2020-га года
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/viasna96

9 верасня 2024 года ў Гродзенскім абласным судзе пачалі судзіць 26-гадовую Кацярыну Мендрык. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Працэс вядзе лукашэнкаўскі суддзя Руслан Гурын.

Кацярыну затрымалі 28 студзеня пасля вяртання з Польшчы ў Беларусь. Прычынай для пераследу стала падтрымка палітвязняў — дзяўчына рабіла грашовыя пераводы і дасылала пасылкі.

Згодна з інфармацыяй у сацсетках, дзяўчына вучылася ў Варшаўскім універсітэце і доўгі час жыла ў Польшчы.

У Брэсце лукашысты пачалі працэс 10 чалавек за ўдзел у пратэстах 2020-га. Сярод іх — палітвязень, якога ўжо асудзілі за «пасты» ў «Аднакласніках» і ягоная жонка

У Ленінскім судзе Брэста 9 верасня паралельна распачаліся два працэсы паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Агулам судзяць 10 чалавек. Гэта Дзяніс Андрашчук, Генадзь Васілюк, Мікалай Пратасевіч, Раман Парфёнаў, Ганна Васілюк, Кірыл Ратчанкаў, Аляксей Шыдлоўскі, Арсеній Пашко, Аляксандр Сергіевіч, Аляксандр Клютко. Іх справы разглядаюць Андрэй Грушко і Святаслаў Каліна.

Генадзю Васілюку ў лютым яму прысудзілі паўтара года калоніі з-за трох «пастоў» у «Аднакласніках». Цяпер таксама судзяць яго жонку Ганну Васілюк.

Некаторыя з абвінавачаных ужо фігуравалі ў публікацыях сілавікоў. Мяркуючы з іх, усіх 10 людзей абвінавачваюць менавіта ва ўдзеле ў пратэстах 10 жніўня 2020-га ў Брэсце, піша «Берасцейская Вясна».

Крыніца: ПЦ «Вясна»/юл