У выдавецтве Połackija Labirynty, якое цяпер выпускае беларускія кнігі ў Польшчы, выйшла другое выданне поўнага перакладу эпічнай паэмы Гамера «Іліяда», паведамляе bellit.info. Перакладчык Лявон Баршчэўскі, які зрабіў пераклад за 128 дзён, перагледзеў і паправіў тэкст, удакладніў каментары.
Міфалагічна-гераічны эпас «Іліяда», стварэнне якога ў палове VIII ст. да н. э. прыпісваецца вядомаму грэцкаму песняру Гамеру, а запіс быў упершыню зроблены двума стагоддзямі пазней, стаў здабыткам не толькі прыгожага пісьменства Старажытнай Грэцыі.
Дзякуючы перакладам на вялікую колькасць моў свету твор заняў пачэснае месца ў скарбніцы сусветнай літаратуры. Сюжэт паэмы будуецца на эпізодзе Траянскай вайны, якая, паводле сведчання большасці сучасных гісторыкаў, магла мець месца на мяжы ХIII і ХII ст. да н. э.
Першае выданне ў двух кнігах пабачыла свет у мінскім выдавецтве «Энцыклапедыкс» у красавіку і чэрвені 2024 году. Цяпер поўны тэкст «Іліяды» разам з каментарамі, змешчанымі ў зносках, слоўнікамі, спісам дадатковых крыніц, звярстаны ў адну кнігу з цвёрдай вокладкай.
Кнігу ўжо можна купіць у інтэрнэце па спецыяльнай цане. У кастрычніку кошт павысіцца, а масавы продаж пачнецца на фестывалі PRADMOVA.
вс