Пра гэта Радыё Свабода паведамілі ў арганізацыі падтрымкі трансгендэрных людзей TG House Belarus.
Як расказаў Свабодзе прадстаўнік TG House Belarus, атака на супольнасць ЛГБТК+ у Беларусі пачалася ў канцы жніўня — пачатку верасня.
Паводле яго, на пачатку верасня арганізацыі стала вядома пра адзінкавыя затрыманні і ператрусы. Так, сілавікі прыйшлі да дзвюх трансперсон, на адну з іх у выніку склалі адміністрацыйны пратакол паводле арт. 19.1 КаАП («дробнае хуліганства»). Затрыманне адбывалася проста ва ўніверсітэце. Праз некалькі дзён арганізацыі напісала яшчэ адна трансперсона з Баранавічаў, што да яе прыходзілі з ГУБАЗіКу і завялі крымінальную справу паводле 343 КК («распаўсюд парнаграфіі»). Сілавікі знайшлі яе старонку «УКантакце».
Пасля ў чатах ЛГБТК+ пачалі пісаць пра затрыманні, знікненне сувязі са знаёмымі прадстаўнікамі супольнасці. Недзе 10 верасня, пасля шэрагу падобных паведамленняў, стала відавочна, што гэта тэндэнцыя да пераследу супольнасці ЛГБТК+ у Беларусі. Пазней яшчэ тры чалавекі паведамілі TG House Belarus, што іх затрымлівалі: кагосьці дома, кагосьці пры выхадзе з кавярні і інш.
Агулам, паводле прадстаўніка TG House Belarus, за верасень затрымалі каля 15–20 прадстаўнікоў ЛГБТК+. Ініцыятыве дакладна вядома пра затрыманне сама меней 8 трансперсон: на большасць з іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за «хуліганства», на двух чалавек завялі крымінальныя справы паводле артыкула 343 КК — «распаўсюд парнаграфіі». Таксама, паводле звестак ініцыятывы, за верасень затрымалі каля дзясятка прадстаўнікоў супольнасці ЛГБТК+.
Паводле прадстаўніка TG House Belarus, затрыманні праходзілі ў розных гарадах Беларусі. Сярод іншага, вядома пра выпадкі затрыманняў у Магілёве, Баранавічах, Брэсце, Кобрыне.
Затрыманні нярэдка суправаджаліся збіццём, псіхалагічным ціскам на людзей, абразамі, адзначыла крыніца Свабоды.
Свабода/ав