З 1 ліпеня 2024 года ў Беларусі ўступілі ў сілу новыя нормы заканадаўства, якія прадугледжваюць ліцэнзаванне прыватных сацыяльных пансіянатаў. Дзейнічаць яны пачнуць з 1 кастрычніка.
Выпадкова ці не, але атрымалася, што такія абмежаванні прымеркаваны да Міжнароднага дня пажылых людзей. Тым часам па стане на 1 студзеня 2023 года ў Беларусі пражывала больш за 1,5 мільёна грамадзян ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых.
Праверкі прыватных пансіянатаў пачаліся яшчэ ў 2022 годзе. Як сцвярджаюць прапагандысты з «Мінскай праўды», адбылося гэта на фоне «пастаянных скаргаў» ад сваякоў, чые родныя былі пастаяльцамі пансіянатаў прыватнай формы ўласнасці.
Асноўныя прэтэнзіі адносяцца да будаўнічых нормаў, а таксама пажарнай бяспекі. Рэч у тым, што большасць дамоў састарэлых абсталяваныя ў звычайных жылых дамах, якія ніхто не праектаваў з захаваннем стандартаў бальніц.
З 2022 года з 35 прыватных пансіянатаў для састарэлых і людзей з інваліднасцю было зачынена 11 — некаторыя па рашэнні суда, некаторыя спынілі дзейнасць самастойна.
Крыніца: «Наша Ніва»