«Пра нас з вамі памятаюць, і беларускае пытанне застаецца на парадку дня», распавяла кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета. Святлана Ціханоўская распавяла пра пазіцыю, якую даводзіла на Генасамблеі ААН:
З Нью-Ёрка дэмакратычная лідарка запісала відэа, у якім падсумавала вынікі ключавых сустрэч падчас Генасамблеі.
«Мы падтрымліваем украінскую формулу міру. Вайна павінна быць скончаная. Украіна павінна вярнуць свае тэрыторыі, а адказныя за вайну – панесці пакаранне. Аднак для беларусаў вельмі важна, каб у любых дамоўленасцях улічваліся і нашыя нацыянальныя інтарэсы. Таму падчас Генасамблеі мы настойвалі: расійскія войскі павінны быць выведзеныя не толькі з тэрыторыі Украіны, але і Беларусі – гэтаксама, як і расійская ядзерная зброя. Ваенна-палітычныя пагадненні паміж Мінскам і Масквой пасля 2020 года павінны быць ануляваныя.
Шлях да трывалага міру павінен уключаць: вызваленне беларускіх палітвязняў; правядзенне сумленных і свабодных выбараў у Беларусі пад міжнародным наглядам, правядзенне канстытуцыйнай рэформы. Толькі дэмакратычна абранае кіраўніцтва Беларусі можа стаць гарантам для бяспекі Украіны, гэтаксама як і для іншых нашых суседзяў».
Асобна Святлана Ціханоўская абмеркавала магчымасці прыцягнення да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях у Беларусі з прадстаўніцай ЗША па міжнародным крымінальным правасуддзі Бэт ван Шаак.
Крыніца: Светлана Тихановская