Беларуская Служба

Беларускіх біятланістаў не дапусцяць да спаборніцтваў у новым сезоне

29.09.2024 08:55
Біятланісты з Расіі і Беларусі не змогуць выступіць у новым міжнародным сезоне, паведамляе ТАСС са спасылкай на Міжнародны саюз біятланістаў (IBU).
         2018 .
Марка з выяваю алімпійскіх чэмпіёнак Беларусі па біятлону ў 2018 годзе.wikimedia.org

У сербскім Бялградзе гэтымі днямі засядае кангрэс IBU. У арганізацыі адзначылі, што пытанне аднаўлення членства нацыянальных федэрацый дзвюх краін і допуску іх спартсменаў да спаборніцтваў не было ўключана ў парадак дня.

«Рашэнне кангрэса ад 2022 года застанецца ў сіле. Гэта азначае, што расийскія спартоўцы не будуць удзельнічаць у спаборніцтвах. У правілах IBU няма палажэння аб удзеле спартсменаў у нейтральным статусе», – удакладнілі ў саюзе.

Аб тым, што беларускія і расійскія лыжнікі не будуць дапушчаны да Кубка свету ў новым сезоне, паведамлялася напярэдадні.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынята да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ з-за вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі з-за яго пашпарта».

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў» (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў» і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.

З аналагічнымі ўмовамі МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нейтральным статусе.

pozirk.online/вх