Беларуская Служба

Улады Беларусі рэагуюць на зварот Літвы супраць Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд

03.10.2024 17:06
Міністр замежных спраў Беларусі заявіў, што беларускі бок «ведае, на чыю просьбу гэта было зроблена».
 .
МЗС Беларусі.Фота: БелаПАН

У МЗС Беларусі назвалі зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд «чарговай антыбеларускай акцыяй». Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў 3 кастрычніка заявіў, што беларускі бок «даўно ведаў» пра планы Літвы звярнуцца ў Міжнародны крымінальны суд (МКС).

На думку Рыжанкова, Літва «ажыццявіла чарговую антыбеларускую палітычную акцыю», прыцягнуўшы для гэтага «кантраляваныя Захадам судовыя інстанцыі, ангажаваны характар якіх ужо даўно стаў відавочным», цытуе міністра БелТА.

Міністр замежных спраў Беларусі заявіў, што беларускі бок «ведае, на чыю просьбу гэта было зроблена», і назваў факты, выкладзеныя Літвой у перададзеных у МКС матэрыялах, «абсурднымі і надуманымі».

«Для нас відавочная бесперспектыўнасць захадаў Вільні й іхных куратараў. Мы спакойна глядзім на гэтую валтузню і не перастаём заклікаць суседзяў да разважлівасці і адэкватнасці», — заявіў Рыжанкоў.

Урад Літвы 30 верасня афіцыйна перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб учыненні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі транспамежных злачынстваў супраць чалавечнасці ў адносінах да беларусаў. Злачынствы ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краін — удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), гаворыцца ў заяве на сайце Міністэрства юстыцыі Літвы.

Перад гэтым, 26 верасня, дзяржаўнае выданне sb.by апублікавала артыкул Максіма Рыжанкова, у якім ён заклікаў Літву «перагрузіць» двухбаковыя дачыненні і вярнуцца да «нармальнага раўнапраўнага дыялогу» і эканамічнай супрацы.

У МЗС Літвы не разглядаюць апублікаваны артыкул як афіцыйны зварот уладаў Беларусі. У міністэрстве паведамілі, што не атрымлівалі ад Беларусі ніякіх прапаноў наконт аднаўлення стасункаў з Літвой, і адзначаюць, што гэта стане магчымым толькі тады, калі Мінск правядзе дэмакратычныя рэформы, вызваліць палітвязняў, а тых, хто праводзіць рэпрэсіі, прыцягне да адказнасці.

Паводле Радыё Свабода

нг

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі Польшчу далучыцца да пазову супраць Лукашэнкі

03.10.2024 14:19
На прэс-канферэнцыі ў Варшаве беларускія дэмакратычныя палітыкі заклікалі Польшчу падтрымаць Літву і далучыцца да пазову ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.