Такая выснова змяшчаецца ў даследаванні цэнтру BEROC «Экалагічная перспектыва ўстойлівага развіцця Беларусі». Праводзячы даследаванне, аўтары аналізавалі тры вядомыя міжнародныя індэксы: індэкс мэтаў устойлівага развіцця (SDG Index), індэкс эфектыўнасці барацьбы са зменамі клімату (CCPI) і індэкс экалагічнай эфектыўнасці (EPI).
Беларусь, зазначаюць эксперты, «традыцыйна дабівалася адносна добрых вынікаў у галіне ўстойлівага развіцця», аднак у апошнія некалькі гадоў прагрэс «прыпыніўся і нават часткова павярнуўся назад». Асаблівым фактарам гэтай стагнацыі ёсць экалогія, заўважаюць даследнікі.
У перыяд з 2000 па 2020 год паказчыкі Беларусі ў індэксе мэтаў устойлівага развіцця значна палепшыліся — на 8,31 бала, аднак потым пачалося тармажэнне, а нават зніжэнне. У 2020 годзе Беларусь займала 23-е месца (з больш як 160 краін) у рэйтынгу, але ў 2023-м апусцілася на 30-е, гэта найніжэйшы паказчык з 2001 году, гаворыцца ў даследаванні.
Паводле ацэнак экспертаў, Беларусь стагнуе ў мэтах устойлівага развіцця, звязаных з навакольным асяроддзем: «Даступная і чыстая энергія», «Адказнае спажыванне і вытворчасць» і «Дзеянні ў галіне клімату». Спад гэтых індэксаў, на думку аўтараў, «адлюстроўвае асноўныя праблемы Беларусі, уключаючы празмерную залежнасць ад выкапнёвага паліва», «недастатковую ўвагу да аднаўляльных крыніц энергіі», «неэфектыўнае кіраванне адходамі і выкідамі», «нізкі прыярытэт пытанняў змены клімату ў эканамічнай і сацыяльнай» палітыцы краіны, «высокую вугляродаёмістасць эканомікі і нізкія амбіцыі што да скарачэння выкідаў».
Зніжэнне паказчыкаў зафіксавана і ў індэксе эфектыўнасці барацьбы са зменай клімату: у 2024 годзе Беларусь паказала горшыя вынікі, чым у сярэднім па ўсходнееўрапейскіх краінах, якія ўваходзяць у склад Еўрасаюза (іх сярэдні бал CCPI склаў 55,43).
У рэйтынгу EPI (індэкс экалагічнай эфектыўнасці) Беларусь у 2016 годзе займала 35-е месца (сярод 180 краін), у 2020-м — 49-е, у 2022-м — 55-е.
Спецыялісты BEROC адзначаюць, што «з прычыны эканамічных і палітычных хваляванняў пытанні экалогіі адышлі для дзяржавы на другі план».
У даследаванні таксама падкрэсліваюцца негатыўныя наступствы санкцый, уведзеных у адказ «на шырока аспрэчаную дакладнасць вынікаў выбараў 2020 году» і ўдзел Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны. З прычыны санкцый, удакладняюць аўтары, было прыпынена фінансаванне шэрагу праектаў павышэння энергаэфектыўнасці ды іншых «зялёных» ініцыятыў у Беларусі.
Палітычны крызіс прывёў да выхаду Беларусі з Оргускай канвенцыі ў 2022 годзе, што «павялічыла імавернасць судовага пераследу за экалагічную актыўнасць, тым самым падарваўшы ўдзел грамадзянскай супольнасці ў прыняцці рашэнняў і практычнай дзейнасці ў галіне аховы навакольнага асяроддзя», адзначаецца ў даследаванні.
Яшчэ адным негатыўным наступствам называецца «масавая відавочная ліквідацыя экалагічных НДА ў краіне», што «негатыўна адбілася на ўцягнутасці грамадзянскай супольнасці ў вырашэнне экалагічных праблем у Беларусі».
Крыніца: Свабода
нг