Беларуская Служба

Брытанская карпарацыя Unilever прадала свой бізнес у Расіі і Беларусі

10.10.2024 15:13
Кампанія Unilever з'яўляецца вытворцам больш за 400 розных брэндаў.
 Unilever     .
Кампанія Unilever пакідае расійскі і беларускі рынак. Фота: shutterstock/Ari_Achmad_Rizal

Кампанія Unilever пакідае расійскі і беларускі рынак, паколькі завяршыла продаж свайго бізнесу ў гэтых краінах. Пакупніком стала расійская група «Арнест», якая вырабляе сродак супраць казурак «Дыхлафос».

Пра гэта паведаміла Свабода са спасылкай на прэс-службу кампаніі.

«Продаж уключае ў сябе ўвесь бізнес Unilever у Расіі і чатыры яе заводы ў краіне. Наш бізнес у Беларусі таксама ўключаны ў продаж. На працягу апошняга года мы старанна рыхтавалі бізнес Unilever Belarus да магчымага продажу. Гэтая праца была вельмі складанай і ўключала падзел ІТ-платформаў і ланцужкоў паставак, а таксама перавод марак на кірыліцу. Завяршэнне продажу завяршае прысутнасць Unilever», — гаворыцца ў заяве кампаніі.

«Арнест» паінфармавала, што прадметам дамовы сталі актывы Unilever, уключна з вытворчасцямі ў Екацярынбургу, Омску, Санкт-Пецярбургу і Туле.

Кампанія Unilever з'яўляецца вытворцам больш за 400 розных брэндаў касметыкі, бытавой хіміі і прадуктаў харчавання. Напрыклад, яна валодае прадукцыяй Rexona, Dove, Axe, Cif, Domestos, Lipton, Brooke Bond, «Беседа» і іншых. Таксама кампанія да 2016 году валодала размешчанай у Гомлі фабрыкай «Інгман марозіва».

нг