Група беларускіх псіхіятраў на эміграцыі і ПУ Грамадзянскі цэнтр «Беларускі вердыкт» 10 кастрычніка звярнуліся да Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ААН, Сусветнай федэрацыі псіхічнага здароўя, Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі, псіхіятрычных асацыяцый Канады, ЗША, Літвы, Беларусі, Расіі з адкрытым зваротам адносна неабходнасці кантролю псіхічнага здароўя кіраўнікоў Беларусі і Расіі - паведамляе Белсат.
«Сёння чалавецтва стаіць на парозе планетарнай катастрофы праз вар’яцтва некалькіх дыктатараў, якія не толькі ўзялі ў закладнікі народы сваіх краін, але і развязалі вайну з пагрозай ужывання ядравай зброі супраць іншых дзяржаў», — гаворыцца ў звароце.
У ім адзначаецца, што ў Аляксандра Лукашэнкі выяўленыя «відавочныя прыкметы параноіднага засмучэння асобы», а ва Уладзіміра Пуціна — нарцысізм, макіявелізм і псіхапатыя. Аўтары і падпісанты звароты заяўляюць, што «псіхапаталогіі кіраўнікоў расійскай і беларускай дзяржаў падвергнулі суграмадзян страшным выпрабаванням».
«У сувязі з вышэйсказаным, мы канстатуем, што перад сусветнай супольнасцю стала надзвычай актуальнай праблема фармавання сістэмы захадаў на міжнародным і нацыянальным узроўнях для папярэдняга абследавання і недапушчэння да займання вышэйшых пасадаў асобамі, якія маюць сацыяльна небяспечныя псіхічныя расстройствы. Адносна гэтых асоб таксама важныя не толькі кантроль, але і прафілактыка расстройстваў, укараненне перадавых метадаў аднаўлення», — гаворыцца ў звароце.
Яго падпісанты настойваюць на правядзенні адносна Пуціна і Лукашэнкі міжнароднай комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы з пастаноўкай пытанняў аб удакладненні дыягназаў і аб магчымасці заняцця імі вышэйшых дзяржаўных пасадаў.
У 1992 годзе ААН абвясціла 10 кастрычніка Сусветным днём псіхічнага здароўя для ўзмоцненага прасоўвання сярод усіх народаў і нацый, кожнага чалавека прафілактыкі псіхічных і эмацыйных расстройстваў, належнага лячэння і догляду людзей з такімі расстройствамі, а таксама ўмацавання псіхічнага здароўя.
нг