Беларуская Служба

У Брэсце асудзілі ўжо 11-ю групу за «грубае парушэнне парадку» ў 2020 годзе

11.10.2024 08:43
Вядома пра 61 чалавека, якія атрымалі турэмныя тэрміны за пратэсты, якія праходзілі 10 жніўня 2020 года ў Брэсце.
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/viasna96

У судзе Ленінскага раёна Брэста 9 кастрычніка асудзілі яшчэ трох чалавек паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушае грамадскі парадак). Цяпер пад суд за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года патрапілі Сяргей Нічыпарук, Аляксандр Клімашэвіч, Яўген Бычко — усім прызначылі калонію. Крымінальную справу супраць берасцейцаў разглядае Крысціна Папова.

Вядома, што дырэктара брэсцкай кампаніі Яўгена Бычко (на фота) жорстка затрымалі на трасе M1 у сярэдзіне ліпеня. Мужчыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, а пазней пад'ехалі сілавікі, якія яго і затрымалі. На «пакаяльным відэа» берасцеец кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Брэсце.

Такім чынам, ужо вядома пра 61 чалавека, якія атрымалі тэрміны паводле арт. 342 КК за пратэсты, якія праходзілі 10 жніўня 2020 года ў Брэсце.

Крыніца: ПЦ «Вясна»