Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціханоўская 10 кастрычніка ў Вільнюсе ўзнагародзіла медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» былога амбасадара Польшчы ў Беларусі (2018–2023) Артура Міхальскага.
Як паведаміла «Позірку» прэс-служба дэмакратычнага лідара, Міхальскаму былі выказаныя словы падзякі за «шматгадовую працу на карысць беларуска-польскіх адносін і ўмацаванне падтрымкі дэмакратычнай Беларусі».
«Ад імя ўсіх беларусаў хачу ад душы падзякаваць амбасадару Артуру Міхальскаму за непахісную падтрымку і шчырае сяброўства. Польшча, дзякуючы ў тым ліку вам, стала для тысяч беларусаў надзейным прытулкам у самыя цяжкія часы. Вы заўсёды стаялі з намі, абараняючы нашы агульныя каштоўнасці — свабоду і годнасць,» — адзначыла Святлана Ціханоўская.
3 кастрычніка стала вядома, што кантэнт старонкі Міхальскага ў сацыяльнай сетцы Х прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» на падставе рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 25 верасня.
Цяпер Артур Міхальскі займае пасаду ўпаўнаважанага польскага міністра замежных спраў па супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Крыніца: Позірк