Беларуская Служба

У Віцебску пахавалі Аляксея Тамілава - мясцовага актывіста, якога летась моцна збілі сілавікі

11.10.2024 18:42
Яго здароўе пасля нанесеных пашкоджанняў да канца не аднавілася і 8 кастрычніка ён памёр ад інсульту.
Аляксей ТамілаўФота А. Тамілава з асабістай старонкі ў сацсеткі vk.com

Аляксею Тамілаву было 52 гады. Ён быў неабыякавым да жыцця роднага горада, любіў яго і хацеў, каб жыццё ў Віцебску стала лепш. Аляксей быў аматарам роднай мовы і культуры.

У 2020 годзе Тамілава судзілі за ўдзел у адным з буйных шэсцяў 6 верасня. А летась мужчыну затрымлівалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» медыя. Сілавікі пры затрыманні моцна збілі Аляксея. А па сведчанні віцебскага актывіста Яна Дзяржаўцава, які тады адбываў арышт разам з Тамілавым, Аляксея працягвалі збіваць і ў ізалятары. У выніку, мужчына трапіў у рэанімацыю са зламанымі рэбрамі, пераломам каленнай рэпкі і з пашкоджаннем галавы. Пазней сілавікі сталі пагражаць Аляксею, што супраць яго ўзбудзяць крымінальную справу, калі ён вырашыць напісаць заяву аб збіцці.

Здароўе актывіста было падарвана і 8 кастрычніка мужчына памёр ад інсульту. Аляксей Тамілаў стаў чарговай ахвярай злачыннага лукашысцкага рэжыму. Учора з Аляксеем развіталіся сябры, родныя і блізкія.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск