Таццяну Караткевіч, якая была кандыдаткай у прэзідэнты ў 2015 годзе, асудзілі па адміністратыўным палітычным пратаколе. Пра гэта паведамілі «Нашай Ніве» сябры палітыка. Па іх словах, яна атрымала 15 сутак. Фармальнай прычынай стала тое, што ў сацсетках Караткевіч знайшлі нейкае «забароненае» фота з 2020 года.
Адметна, што да суда яе не затрымлівалі, адпусцілі дадому пасля складання пратаколу. Аднак у судзе далі не штраф, а 15 сутак.
У 2015 годзе Караткевіч удзельнічала ў выбарах прэзідэнта як лідарка руху «Гавары праўду». Іншых дэмакратычных кандыдатаў не было, таму шмат хто з апанентаў Аляксандра Лукашэнкі галасаваў за яе. Па ацэнках назіральнікаў, у Мінску яна набірала каля 20-30% галасоў. Тым не менш, на відавочна сфальсіфікаваных выбарах ёй намалявалі ўсяго 4,44% і паставілі на другое месца ўслед за Лукашэнкам.
У 2020 годзе Караткевіч узначаліла ініцыятыўную групу кандыдата Андрэя Дзмітрыева.
Пасля выбараў і пратэстаў адышла ад палітычнай дзейнасці, займалася сацыяльнай дапамогай людзям з інваліднасцю.
нг