Беларуская Служба

Астапеня: Адбываецца трансфармацыя рэжыму ў Беларусі

13.10.2024 11:12
Заснавальнік Цэнтра новых ідэй, палітолаг Рыгор Астапеня ў новым выпуску ТОКу выказаў меркаванне, што рэжым Лукашэнкі пачаў мяняцца.
Ілюстрацыйны здымакScreenshot z Youtube

Адной з прыкмет трансфармацыі Рыгор Астапеня лічыць кадравыя змены ў сістэме.
 
«Мы бачым новыя прызначэнні, якія адбываюцца. Там няма сілавікоў. То-бок усе гады з 2020-га ішло павелічэнне колькасці сілавікоў унутры кіруючай сістэмы. Іх станавілася больш, і яны былі больш заўважнымі. Цяпер змяняюцца фронтмены. З'яўляецца Круты, з'яўляецца Пяткевіч, Рыжанкоў перайшоў на іншую пасаду, Маркаў і гэтак далей. Гэта выразная змена ўнутры таго, кім яны самі сябе бачаць. Што яны вось ужо не сілавыя».

Другой прыкметай жадання перазагрузкі Астапеня называе вызваленне палітвязняў. Палітолаг зазначае, што будучую прэзідэнцкую кампанію Лукашэнка хоча выкарыстаць для перазагрузкі. Рэжым асцерагаецца, што Крэмль можа пашырыць свой уплыў на кадравую палітыку ў беларускіх структурах улады.

«Думаю, што гэты фактар ёсць. Пачуццё, што «мы не павінны сябе загнаць у такую сітуацыю, калі нам тут будуць выкручваць рукі». І ў такі момант умоўны Максім Рыжанкоў разумее, што нам трэба тады развіць стасункі з Кітаем і адбудаваць стасункі з Захадам. А каб развіць стасункі з Кітаем, зноў жа, трэба дамовіцца з Захадам. Бо Кітай зацікаўлены ў Беларусі, калі лагістычна Беларусь з'яўляецца нейкім цэнтрам Еўропы».

Крыніца: «Наша Ніва»