Амбасада Італіі ў Беларусі змяніла правілы падачы дакументаў для атрымання шэнгенскай візы. Дакументы з гэтага часу прымаюцца толькі ў папяровым выглядзе, гаворыцца ў паведамленні пасольства, на якое спасылаецца euroradio. Дакументы, пададзеныя ў лічбавым фармаце (перададзеныя па электроннай пошце ці на знешніх носьбітах), разглядацца не будуць. Пры гэтым пералік дакументаў скараціўся.
Так, з кастрычніка больш не трэба пацвярджаць фінансавыя сродкі на падарожжа для непаўналетніх, якія падарожнічаюць з бацькамі. Дастаткова будзе прынесці ў амбасаду ліст, падпісаны адным з бацькоў, што ён/яна бярэ на сябе выдаткі па паездцы. Не трэба будзе таксама пацвярджаць фінансавыя магчымасці мужа ці жонкі, які/якая падарожнічае са сваёй шлюбнай паловай — спонсарам. У гэтым выпадку таксама неабходна будзе толькі спонсарскі ліст ад таго, хто бярэ на сябе выдаткі.
Акрамя таго, у пасольства больш не трэба будзе прыносіць білет на аўтобус ці дакументы на аўтамабіль, каб пацвердзіць праезд з Мінска да аэрапорта вылету. З пераліку дакументаў выключылі таксама пацвярджэнне месца пражывання ў транзітных краінах, электронны ключ індывідуальнага прадпрымальніка (дастаткова першай старонкі) і дакументы, якія пацвярджаюць права ўласнасці на нерухомасць у Беларусі.
Нагадаем, амбасада Італіі застаецца адной з нямногіх магчымасцяў для беларусаў аформіць турыстычную шэнгенскую візу.
эж