Беларуская Служба

У Віцебску пачалі ўзвядзенне ўжо скандальна вядомага флагштока

15.10.2024 15:53
Аб'ект крытыкуюць за марнаванне бюджэтных грошай, а канчатковы кошт аб'екта дагэтуль невядомы.
Дзяржаўны сцяг Беларусі1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ідэю пра неабходнасць мець у горадзе флагшток для дзяржаўнага сцяга гарадскія ўлады агучылі ў снежні мінулага года. Першапачаткова канструкцыю планавалі ўсталяваць у гістарычным цэнтры Віцебска - на Плошчы тысячагоддзя. Жыхары горада рэзка раскрытыкавалі гэту ідэю. Пазней для флагштока абралі іншае месца - Парк тысячагоддзя Віцебска каля Лядовага палаца. Пры гэтым праект з месца для ўсталёўкі дзяржаўнага сцяга перарос у «Плошчу сцяга і герба».

Канструкцыю вышынёй у 69 метраў, на якой будзе замацаваны сцяг, ужо пачалі збіраць і хутка яе ўсталююць на двухметровы пастамент. Падчас грамадскага абмеркавання жыхарамі горада выказваліся крытычныя заўвагі. У прыватнасці, жыхары крытыкавалі вялікую вышыню флагштока, якая не суадносіцца з суседнімі пабудовамі.

Некаторыя выказвалі сумнеў пра тое, ці патрэбен увогуле дадзены аб'ект у Віцебску. Усе крытычныя заўвагі ўлады адкінулі. А канчатковы кошт «Плошчы сцяга і герба» не раскрыты дагэтуль. Напрыклад, флагшток у Гомелі абышоўся бюджэту амаль у мільён долараў. У Віцебску грошай спатрэбіцца больш - з улікам кошту святлодыёдных экранаў, інтэрактыўнай панэлі, а таксама з улікам большай плошчы аб'екта, чым планавалася пачаткова.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск