Беларуская Служба

Стала вядомае імя адной з пераможцаў прэміі імя Алеся Адамовіча

21.10.2024 08:05
Гонар назваць імя пераможцы ў Берліне дастаўся Святлане Алексіевіч. 
Святлана Алексіевіч віншуе ВІку Біранфота: Беларускі ПЭН

Імя першай лаўрэаткі было аб’яўлена на Фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» ў Берліне. Паколькі рэпрэсіі, эміграцыя і вайна раскідалі творцаў па розных кутках Еўропы, то з улікам асабістых абставін лаўрэатаў і лагістыкі прозвішчы дваіх пераможцаў будуць названыя ў двух розных гарадах падчас фестывалю.

Гонар назваць імя пераможцы ў Берліне дастаўся Святлане Алексіевіч. Фармулёўка журы наступная:

«За перапрацоўку асабістых і сацыяльна-палітычных траўм, за шматлікасць досведу і змяшчэнне Беларусі ў розныя кантэксты прэміяй імя Алеся Адамовіча ганаруецца аўтарка кнігі «Я танцую» Віка Біран».

У Вікі Біран – свой неардынарны, кідкі стыль. Дынаміка, рэзкасць, кантраснасць бытапісання, якой вельмі пасуе сучасны слэнг маладой аўтаркі і нават «тая яшчэ» лексіка, чытаем на сайце Беларускага ПЭНа.

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭНам і масмедыя ў студзені 1995 года, праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча. Старшынём журы прэміі першапачаткова быў Васіль Быкаў. Першыя два гады прэмія ўручалася 3 верасня, у дзень нараджэння Алеся Адамовіча.

Мэты прэміі: ушанаваць памяць Алеся Адамовіча; адзначыць найлепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці.