Беларуская Служба

Беларуская віндсерфінгістка Анастасія Валькевіч заваявала бронзу для Польшчы на ​​чэмпіянаце Еўропы

22.10.2024 16:11
Спартсменка прадстаўляла Польшчу ў якасці спаборніцы паруснага спартыўнага клуба «Сопат».
       .
Бронзавая прызёрка чэмпіянату Еўропы па віндсерфінгу Анастасія Валькевіч.Фота: facebook.com/polsailing

Раней Анастасія Валькевіч (Anastazja Valkevich) спрабавала прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Яна магла гэта зрабіць як спартсменка з нейтральным статусам, але Беларусь не дала згоды  на яе ўдзел у Алімпіядзе.

Анастасія, якая мае дазвол на пастаяннае пражыванне ў Польшчы,  падала дакументы ў Канцылярыю Прэзідэнта Рэспублікі Польшча на прадастаўленне ёй грамадзянства Рэспублікі Польшча. Віндсёрфінгістку ў яе намаганнях атрымаць польскае грамадзянства падтрымлівае Польская асацыяцыя паруснага спорту, якая імкнецца даць магчымасць бронзавай прызёрцы чэмпіянату Еўропы ўдзельнічаць у наступных алімпійскіх кваліфікацыях як грамадзянцы Польшчы. Да слова, бабуля спартсменкі шмат дзесяцігоддзяў таму мела польскае грамадзянства.

Анастасія Валькевіч імігравала з Беларусі ў 2018 годзе. Спачатку яна пасялілася ў Адэсе, дзе працавала трэнерам і працягнула сваю спартыўную кар'еру. Аднак у 2022 годзе, пасля таго як Пуцін пры падтрымцы Лукашэнкі развязаў ва Украіне поўнамаштабную вайну, ёй, як і мільёнам жыхароў гэтай краіны, прыйшлося эвакуіравацца ў Польшчу.

У Польшчы Анастасія пасялілася ў Сопаце. Яна паступіла ў мясцовы спартыўны парусны клуб, дзе атрымала магчымасць аднавіць трэніроўкі і прыняць удзел у міжнародных спаборніцтвах.

Пра ўдзел у чэмпіянаце Еўропы, дзе яна заваявала бронзу, віндсерфінгістка распавяла на старонцы Польскай асацыяцыі паруснага спорту ў Фэйсбуку:

– Я пачала рэгату з трох перамог, што адразу дазволіла мне выйсці ў лідары. Другі дзень, праўда, выдаўся больш цяжкім. Хоць усё пачалося з перамогі ў гонках пры слабым ветры (каля 6 вузлоў), што не ёсць маімі любімымі ўмовамі, у другім заездзе ў мяне быў фальстарт, які пачаў мяне моцна напружваць. Трэці і чацвёрты дзень мы правялі на беразе, чакаючы ветру. Пяты дзень выдаўся даволі паспяховым — стабільныя вынікі і пяць гонак дазволілі мне ўтрымацца ў першай дзясятцы, — расказвае Анастасія Валькевіч, якая выйшла ў медальную серыю з 8-га месца.

Беларускі спартыўны партал Tribuna.com цытуе бронзавую прызёрку чэмпіянату Еўропы Анастасію Валькевіч:

— Я вельмі задаволена вынікам. Я не чакала, што выйграю медаль на сваім першым чэмпіянаце Еўропы. Я вельмі ўдзячная Польскай асацыяцыі паруснага спорту за тое, што яна дазволіла мне ўдзельнічаць у гэтых чэмпіянатах пад польскім сцягам і дазволіла мне адчуць сябе часткай каманды. Таксама ўдзячная трэнерам і ўсім членам зборнай за пастаянную падтрымку.

Znadniemna.pl/вх