Аляксандр Лукашэнка будзе балатавацца ў якасці кандыдата на выбарах прэзідэнта Беларусі, якія пройдуць 26 студзеня 2025 года. Яго дакументы пададзеныя на рэгістрацыю ў Цэнтрвыбаркам.
Кіраўніком ініцыятыўнай групы стаў Юрый Сянько — старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, паведамляе БелТА.
Федэрацыя прафсаюзаў — дзяржаўная псеўдаграмадская арганізацыя. У 2020 годзе ініцыятыўную групу Лукашэнкі таксама ўзначальваў тагачасны кіраўнік Федэрацыя прафсаюзаў Міхаіл Орда.
«Пасля рэгістрацыі ініцыятыўная група прыступіць да збору подпісаў у падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты. Усе спецыялісты падрыхтаваныя, мы перакананыя, што пройдзем гэты шлях вельмі прыгожа», — сказаў Сянько.
У адпаведнасці з заканадаўствам у складзе ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты павінна быць не менш за 100 чалавек.
Дзяржаўныя структуры і падкантрольныя ўладзе грамадскія арганізацыі, якія засталіся пасля рэпрэсій апошніх гадоў, рыхтуюцца падтрымаць «галоўнага кандыдата» ў выбарчай кампаніі.
Вынікі папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў, на якіх Аляксандр Лукашэнка павінен быў атрымаць перамогу з больш чым 80 працэнтамі галасоў, не былі прызнаныя дэмакратычнымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі, якія назіраюць за выбарамі, з-за масавых фальсіфікацый. Усе пратаколы і бюлетэні былі знішчаныя ўладамі. Пасля абвяшчэння вынікаў галасавання па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя акцыі пратэсту. Дэманстрацыі і сутычкі з праваахоўнымі сіламі працягваліся некалькі месяцаў. Жорсткія палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца дагэтуль — праз чатыры гады пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, праз карную сістэму прайшлі дзясяткі тысяч чалавек.
Выбары прэзідэнта ў Беларусі пройдуць 26 студзеня 2025 года.
IAR/вх