Беларуская Служба

Ліквідаваная Пінская каталіцкая духоўная семінарыя

08.11.2024 15:25
Цяпер у Беларусі засталася адна каталіцкая семінарыя - Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне. 
Будынак было Пінскай вышэйшай духоўнай каталіцкай семінарыі крыніца: commons.wikimedia.org/Борис Мавлютов/CC BY-SA 3.0

Вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску прыпыніла сваю дзейнасць. Афіцыйна пра гэта не паведамлялася, аднак гэта было вядома ў колах духавенства. Цяпер з'явілася пацверджанне: у публікацыі Catholic.by аб рэкалекцыях для біскупаў пінская семінарыя, у якой прайшлі духоўныя практыкаванні, названа «былой», паведамляе katolik.life. 

Таксама на сайце Пінскай дыяцэзіі пазначана, што ў 2024 годзе семінарыя прыпыніла дзейнасць. 

Хутчэй за ўсё гэта стала першым сур'ёзным вынікам працэсу па перарэгістрацыі рэлігійных аб'яднанняў, арганізаваным беларускім рэжымам. Раней некаторыя святары выказвалі меркаванне, што семінарыя «не перажыве» перарэгістрацыі. Паводле заканадаўства, арганізацыі, якія не могуць прайсці перарэгістрацыю, павінны быць ліквідаваныя. 

У апошні час набор студэнтаў у пінскую семінарыю не праводзіўся, а яе памяшканні выкарыстоўваліся для правядзення рэкалекцый ды іншых сустрэч. 

Галоўнай прычынай, якая прывяла да прыпынення дзейнасці семінарыі, магла быць невялікая колькасць жадаючых стаць каталіцкімі святарамі, хоць сёлета абітурыентаў было значна больш, чым у папярэднія гады. 

Рэформу падрыхтоўкі да святарства ў Беларусі абвясцілі ў 2018 года, калі пінская семінарыя страціла статус міждыяцэзіяльнай. 

Такім чынам, цяпер у Беларусі засталася адна каталіцкая семінарыя - Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне. 

Пінскую семінарыю заснаваў у 1925 годзе біскуп Зыгмунт Лазінскі. Яна дзейнічала да 1939 года. Пасля падзення СССР адраджэнне і новае адкрыццё семінарыі адбылося ў 2001 годзе дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтака.

вс