Беларуская Служба

На пачатку лістапада судамі Віцебскай вобласці разгледжана рэкордная колькасць адміністрацыйных спраў па палітычных артыкулах

08.11.2024 17:52
43 пастановы вынесена па справах палітычнай накіраванасці перад вялікімі лістападаўскімі выходнымі.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

Нягледзячы на адзінкавыя выпадкі памілавання палітвязняў, колькасць адміністрацыйных спраў толькі па артыкулах 19.11 і 24.23 КААП працягвае расці. Пры гэтым, калі з траўня па ліпень такіх спраў у судах Віцебскай вобласці было разгледжана каля 35, то са жніўня гэтая лічба няўхільна расце. Больш усяго такіх пастаноў было вынесена ў кастрычніку - 93. А за першыя працоўныя дні лістапада судамі Віцебшчыны разгледжаны 43 адміністрацыйныя справы па палітычных артыкулах. Гэта лічба адпавядае месячнай колькасці падобных спраў у студзені гэтага года. 

Найбольшая колькасць судоў на гэтым тыдні была зафіксаваная ў Полацку. Аналіз спраў дазваляе зрабіць высновы, што пад увагу сілавых структур зараз трапілі супрацоўнікі прадпрыемстваў элекатрасетак. І на гэтым тыдні ў ліку тых, каго судзілі па палітычных «адміністратыўках», - каля дзясятка прадстаўнікоў гэтай галіны. Цягам гэтага тыдня судзілі трох прадстаўнікоў сферы адукацыі і працы з моладдзю. А ў Лепелі, напрыклад, згадалі практыку «паказальных судоў». Там мясцовага жыхара судзілі на месцы працы - у Лепельскім філіяле РУП «Белтэлекам». 

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск