Пра чарговае ўварванне расійскіх беспілотных лятальных апаратаў у прастору Беларусі заявіла 10 лістапада камандаванне Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны, — паведамляе выданне «Позірк».
Паведамляецца, што мінулай ноччу (з 20:00 9 лістапада) Расія ўжыла супраць Украіны «145 ударных БПЛА тыпу Shahed і неўстаноўленага тыпу».
«Па стане на 09:00 пацверджана збіццё 62 БПЛА праціўніка. 67 варожых беспілотнікаў лакальна страчаныя ў розных рэгіёнах Украіны, яшчэ 10 расійскіх БПЛА выйшлі з паветранай прасторы Украіны ў кірунку Малдовы, Беларусі і Расіі», — гаворыцца ў паведамленні.
На гэтым тыдні УСУ ўпершыню паведамілі пра ўварванне ў Беларусь расійскіх БПЛА.
Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі аб залётах на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26, 27, 28 кастрычніка, 1 і 3 лістапада.
4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.
эж