Мяркуючы па інфармацыі сайта Махачкалінскага порта, першая партыя беларускіх калійных угнаенняў у Іран праз яго была адпраўлена яшчэ 8 лістапада, заўважыў «Белсат». Паведамляецца, што ў сталіцу Дагестана груз быў дастаўлены чыгуначным транспартам. Чакаецца, што да канца 2024 года будзе перавалена каля 35-40 тысяч т, у 2025-м – больш за 200 тысяч т.
Па словах генеральнага дырэктара порта Джамала Аліева, у далейшым праз Махачкалу па міжнародным транспартным калідоры «Поўнач – Поўдзень» будуць ажыццяўляцца пастаўкі беларускага калію і ў Індыю.
Нагадаем, раней асноўнай краінай, праз чые марскія парты беларускія калійныя ўгнаенні ішлі на экспарт, была Літва. Пасля выбараў 2020 года краіна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць і дэмсілы Беларусі. Таму кантакты з афіцыйным Мінскам былі зведзеныя да мінімуму, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны і міграцыйнага крызісу, які развярнуўся на мяжы, яны практычна цалкам спыніліся.
У 2021 годзе ЕС, ЗША, Вялікая Брытанія і Канада ўвялі санкцыі ў дачыненні да «Беларуськалія».
Праз уплыў абмежавальных мераў у студзені 2022-га нарвежскі пастаўшчык калію Yara – адзін з найбуйнейшых у Еўропе пакупнікоў беларускіх угнаенняў – абвясціў аб спыненні супрацоўніцтва з прадпрыемствам.
1 лютага таго ж года спыніўся экспарт калійных угнаенняў праз літоўскі порт у Клайпедзе. У сакавіку 2022 года спыніў працу тэрмінал сыпкіх грузаў Клайпедскага порта (Biriu kroviniu terminalas), 30% акцый якога належыць «Беларуськалію». Пасля гэтага ўлады пачалі працаваць над выкарыстаннем расійскіх партоў.
24 лютага 2023 года Рада ЕС абнавіла і падоўжыла санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якімі забаранялася перамяшчэнне па тэрыторыі ЕС калійных угнаенняў з Беларусі.
Пра тое, што Мінск выкарыстоўвае для перавалкі сваёй прадукцыі ажно 14 расійскіх портаў, 11 верасня паведаміў міністр транспарту і камунікацыяў Аляксей Ляхновіч. Аб'ём вывазу беларускай прадукцыі праз партовую інфраструктуру РФ, па словах міністра, за студзень - жнівень вырас на 10% у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года.
яс