Пазоў Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама аб ліквідацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання прафесійных псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў быў разгледжаны 12 лістапада ў Віцебскім абласным судзе. Вырак суда быў чаканым - грамадскае аб'яднанне пастанавілі ліквідаваць.
Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне прафесійных псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў было зарэгістравана ў Віцебску ў 2017 годзе. Ідэя стварэння такой супольнасці, якая яднае студэнтаў і псіхолагаў-практыкаў узнікла як натуральнае развіццё практыкі падтрымкі адмыслоўцаў у вобласці псіхалагічнага кансультавання і псіхатэрапіі. Пры гэтым задачай аб'яднання было не толькі дапамога адмыслоўцам псіхалагічнага профілю, але і псіхалагічная асвета грамадства і развіццё якаснай прыкладной псіхалогіі.
Кампанія прымусовай ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў не спыняецца з 2021 года. Гэты працэс ідзе практычна без перапынку. Пад ліквідацыю падпадаюць арганізацыі не толькі палітычнай і праваабарончай накіраванасці, але і звязаныя з развіццём спорту, інклюзіўнай дапамогай і абагульненнем практычнага досведу па розных кірунках чалавечага здароўя.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск