Беларуская Служба

Еўрапарламент выпусціў заяву да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю

13.11.2024 12:00
Еўрадэпутаты рашуча асудзілі сістэматычны пераслед палітычных апанентаў з боку рэжыму Лукашэнкі.
Еўрапарламент By Diliff - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=35972521

Старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажата Гасеўска выступіла з заявай з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю, да якой далучыўся таксама пастаянны дакладчык па Беларусі Камітэта па замежных справах Еўрапарламента Гельмут Брандштатэр.

«Чатыры гады таму, 12 лістапада 2020 г., ад цяжкіх раненняў, нанесеных яму беларускімі сілавікамі, памёр беларускі мастак Раман Бандарэнка. Яго смерць ніколі не расследавалася, і вінаватыя ніколі не прыцягваліся да адказнасці(…) У памяць пра Рамана Бандарэнку і сотняў іншых мужных беларусаў, якія страцілі жыццё і свабоду, адстойваючы дэмакратычную спадчыну незалежнай беларускай дзяржавы, 12 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю».

Заяўнікі нагадалі, што з таго часу памерлі яшчэ як мінімум сем палітвязняў — Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч і Дзмітрый Дудойц і 21-гадовы Дзмітрый Шлетгаўэр, які пайшоў з жыцця 11 кастрычніка 2024 года.

«З гэтай нагоды мы зноў заяўляем пра нашу нязменную падтрымку і салідарнасць народу Беларусі ў яго імкненні да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай будучыні сваёй радзімы, часткі еўрапейскай сям'і. Мы пацвярджаем сваю рашучасць умацоўваць сувязі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі на чале са Святланай Ціханоўскай у іх барацьбе за дэмакратычныя перамены ў Беларусі», - чытаем у заяве.



Прадстаўнікі ЕП нагадалі, што праз чатыры гады пасля мірных пратэстаў 2020 года дэмакратычныя памкненні людзей у Беларусі сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі і пераследам. Сёння больш за 1300 апанентаў застаюцца ў турмах, утрымліваюцца ў жахлівых умовах, без доступу да належнай медыцынскай дапамогі і з сем'ямі, якія не ведаюць пра іх лёс, у тым ліку  лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

Паводле спецдакладчыка ААН, Беларусь упарта не выконвае рэкамендацыі праваабарончых органаў і механізмаў ААН, у прыватнасці, адносна адвольных затрыманняў, катаванняў, права на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў, аб’яднанняў і ўдзелу ў вядзенні грамадскіх спраў, а таксама, што важна, забеспячэння адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека. Між тым, рэжым Лукашэнкі мае поўную падтрымку гэтай палітыкі з боку расійскага ўраду.

«У сувязі з гэтым мы самым рашучым чынам асуджаем сістэматычны пераслед палітычных апанентаў, арганізацый грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, праваабаронцаў і прафсаюзаў, які можа быць кваліфікаваны як злачынства супраць чалавечнасці і карацца ў адпаведнасці з міжнародным правам і механізмамі, такія як санкцыі(…)», - чытаем у заяве.

аз

У чацвёртую гадавіну забойства Рамана Бандарэнкі заходнія дыпламаты выступілі з заявай

12.11.2024 16:37
Сёння споўніліся чатыры гады з дня смерці абаронца Плошчы Перамен Рамана Бандарэнкі.