Бацька Марыі Калеснікавай Аляксандр Калеснікаў у кароткім інтэрв'ю Associated Press паведаміў, што абмяркоўваў з дачкой прашэнне пра памілаванне на імя Аляксандра Лукашэнкі, піша Люстэрка.
Аляксандр Калеснікаў падкрэсліў, што не можа падрабязна расказваць што-кольвек, бо беларускія ўлады дазволілі кароткую сустрэчу толькі з умовай, што ён не раскрые ніякіх іншых падрабязнасцяў.
Калеснікаў сказаў, што яны з дачкой абмяркоўвалі магчымасць звярнуцца да Лукашэнкі з просьбай пра памілаванне. «Яна думае пра гэта», — сказаў ён.
Нагадаем, увечары 12 лістапада Раман Пратасевіч паведаміў, што палітзняволеная Марыя Калеснікава сустрэлася з бацькам, і апублікаваў у сваім тэлеграм-канале іх супольную фатаграфію. 13 лістапада ён размясціў відэа з бацькам Марыі, у якім той трохі расказаў пра сустрэчу з дачкой.
«У мяне не выклікаў нейкіх асцярог яе стан, — расказаў бацька палітзняволенай. — Што да нашых з ёй размоваў, то тут было шмат часу нададзена сямейным пытанням. Гэта сваякі, сябры, блізкія. Ну і, вядома, мы не абышлі тэму цяперашняй сітуацыі. Я пастараўся данесці да яе тыя змены, якія адбываюцца, і расказаць пра акно магчымасцяў, якія адкрыліся, дзякуючы чаму адбылася нашая сустрэча. Яна сказала, што будзе разважаць, думаць. <…> Я думаю, што ў далейшым адбудуцца яшчэ большыя змены, якія дазволяць нам быць бліжэйўымі з Машай. Я жадаю ўсім бацькам, якія ў такім жа становішчы, што і я, знаходзіць спосабы, каб такія вось спатканні, такія сустрэчы сталі магчымымі».
Раман Пратасевіч дадаў, што для сустрэчы з дачкой Аляксандру Калеснікаву трэба было напісаць зварот на імя Лукашэнкі. Чаму для арганізацыі спаткання ў калоніі сваяку асуджанай, насуперак закону, давялося пісаць зварот на імя Лукашэнкі, Пратасевіч не патлумачыў, але адзначыў, што Марыя «вельмі шмат усміхаецца і жартуе, выглядае добра, шмат чытае, малюе і нават займаецца ёгай».
Люстэрка/ав