Беларуская Служба

Дэмакратычныя сілы Беларусі падрыхтавалі прапановы новых санкцый да другога раўнду стратэгічнага дыялогу з ЗША

19.11.2024 14:04
Сярод іншага дэмакратычныя сілы прапануюць «у мэтах спынення рэпрэсій» увесці санкцыі на «таварныя пазіцыі, аналагі якіх вырабляюцца палітвязнямі».
Аўдыё

Прапановы ўвядзення новых санкцый у дачыненні да Мінску падрыхтавалі Аб’яднаны пераходны кабінет і «Народнае антыкрызіснае ўпраўленне».

Як піша выданне «Позірк», адпаведнай ініцыятывай дэмакратычныя сілы выступілі перад другім раўндам стратэгічнага дыялогу «Беларусь — ЗША» на пасяджэнні сумеснай працоўнай групы ў пытаннях механізмаў адказнасці і санкцый.

Каардынатарам групы з беларускага боку з'яўляецца намеснік кіраўніка АПК, кіраўнік НАУ Павал Латушка. Санацыйныя прапановы падтрымалі аб'яднанне былых сілавікоў BelPol і «іншыя арганізацыі дэмакратычнага руху».

Сярод іншага дэмакратычныя сілы прапануюць «у мэтах спынення рэпрэсій» увесці санкцыі на «таварныя пазіцыі, аналагі якіх вырабляюцца палітвязнямі».

Акрамя гэтага, прапанавана «ўзмацніць фінансавыя санкцыі, уключаючы блакаванне доларавых актываў рэжыму, а таксама ўвесці другасныя санкцый супраць банкаў, у першую чаргу супраць даччыных банкаў расійскіх фінансавых структур».

Пакет уключае абмежаванні на транзіт падаксанкцыйных тавараў праз тэрыторыю Беларусі, гарманізацыю гандлёвых і большасці фінансавых санкцый «супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі», «прамыя блакавалныя санкцыі» супраць прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу Беларусі.

«У мэтах захавання незалежнасці Беларусі» дэмакратычныя сілы выступаюць за «шырокія санкцыі» супраць саюзнай дзяржавы, у прыватнасці ў дачыненні да «службовых асоб і ўстаноў, створаных у рамках гэтага ўтварэння».

З прадстаўнікамі ЗША раней былі праведзены кансультацыі на тэму санкцый у сувязі з падтрымкай уладамі Беларусі расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Другі раўнд стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі пройдзе 3-4 снежня. У беларускую дэлегацыю пад кіраўніцтвам Святланай Ціханоўскай увойдуць 24 чалавекі.

эж