Трое грамадзян Эстоніі па-ранейшаму знаходзяцца ў беларускіх турмах, заявіў у аўторак міністр замежных спраў Маргус Цахкна на прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў МЗС і праведзенай сумесна са Святланай Ціханоўскай, піша Postimees, на што звярнула ўвагу «Наша ніва».
«Мы ведаем, што яны там. Мы з імі ў кантакце і стараемся іх падтрымліваць», — сказаў Цахкна, адказваючы на пытанне аб магчымасці вызвалення грамадзян Эстоніі з Беларусі.
Больш падрабязную інфармацыю міністр не змог даць. Міністр Цахкна таксама не адказаў на пытанне, ці можна лічыць каго-небудзь з арыштаваных рэжымам Лукашэнкі эстонцаў палітычнымі зняволенымі.
Падчас візіту ў Эстонію Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Маргусам Цахкнам, міністаркай адукацыі Крысцінай Калас, міністаркай культуры Хэйдзі Пургай і міністрам унутраных справаў Лаўры Ляэнэметсам.
З міністрам унутраных справаў Ціханоўская ўзняла пытанні легалізацыі беларусаў у Эстоніі;
стварэнне інструкцыяў для міграцыйных органаў Эстоніі пра тое, як працаваць з беларускімі кейсамі; візы і від на жыхарства студэнтам і пашпарты замежніка.
З міністаркай адукацыі Ціханоўская абмеркавала дадатковыя стыпендыі для беларускіх студэнтаў і магчымасці ўвядзення беларускай мовы і гісторыі ў некаторых школах Таліна.
З міністрам замежных спраў гутарка пайшла пра так званыя «прэзідэнцкія выбары» ў Беларусі – Эстонія загадзя не прызнала «выбараў 2025»; Ціханоўская прасіла Эстонію падтрымаць пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і пра санкцыі за парушэнні правоў чалавека.
З міністаркай культуры абмяркоўвалася пытанне перакладу беларускай літаратуры на эстонскую мову, праграмы падтрымкі для беларускіх актораў і студэнтаў ды выстава знакамітага мастака і дызайнера Уладзіміра Цэслера ў Эстоніі.
яс