Асацыяцыя беларускіх арганізацый Эстоніі заклікалі дэпутатаў эстонскага парламенту спыніць атаясамліванне беларусаў з расіянамі, — паведамляе svaboda.org.
Адпаведны пісьмовы зварот беларусы перадалі кіраўніку Групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі ў Рыйгікогу (парламент Эстоніі) з нагоды разгляду ў парламенце праекту закону аб пазбаўленні права грамадзян Беларусі, якія жывуць у Эстоніі на падставе сталага дазволу на пражыванне, удзельнічаць у выбарах органаў мясцовага самакіравання.
У звароце адзначаецца, што такое атаясамліванне «негатыўна адбіваецца на успрыманні беларускай дыяспары ў эстонскім грамадстве і стварае шматлікія праблемы ў іх жыцці».
Прадстаўнікі беларускіх арганізацый адзначылі, што Беларусь знаходзіцца пад аўтарытарным рэжымам і дзейнічае як дзяржава-агрэсарка ў часе поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, але большасць беларусаў не падтрымліваюць гэтыя дзеянні ўладаў краіны.
«Такая эквівалентнасць іграе на руку расійскай прапагандзе, фактычна залічваючы беларусаў да „русского мира“», — адзначаецца ў звароце.
Беларусы прапанавалі размежаваць законапраекты, у якіх уводзяцца абмежаванні адначасова для грамадзян Беларусі і грамадзян Расіі.
У звароце падкрэслілі, што цяпер у Эстонію і краіны ЕЗ уцякаюць ІТ-спецыялісты, лекары, маладыя навукоўцы, а таксама прадстаўнікі навуковых колаў і бізнесу, якія могуць прынесці карысць эстонскай эканоміцы.
20 лістапада Рыйгікогу Эстоніі падтрымаў у першым чытанні праект закону, які прадугледжвае абмежаванні для грамадзян трэціх краін, у тым ліку Беларусі і Расіі, на ўдзел у выбарах органаў мясцовага самакіравання. Паводле ацэнак Асацыяцыі беларускіх арганізацый у Эстоніі, у гэтай краіне на сталай аснове жывуць ад 1000 да 2000 беларусаў.
эж