«Гары Потэр вяртаецца! Гэта сапраўды так. 8 лютага 2025 года пабачыць свет кніга «Гары Потэр і Келіх агню», чацвёртая кніга са знакамітай серыі Джоан Роўлінг пра хлопчыка, які выжыў», — паведамілі ў тэлеграм-канале выдавецтва «Кнігаўка».
«Пасля працяглых і плённых перамоў, з дапамогай калег і сяброў нам удалося прабіць сцяну непаразумення і давесці, як важна беларусам пры ганеннях на нацыянальную культуру, жорсткай барацьбе за дабро і свет чытаць кнігі пра Гары Потэра на роднай мове.
Цяпер ідзе папярэдняя замова на кнігу.
Складаем высокія падзякі для Ірыны, Юрыя і асабліва Лёні Козікавых, якія навялі масты і пераканалі брытанскі бок па-новаму паглядзець на праблему. Шчыра ўдзячныя Таццяне Нядбай і ўсёй камандзе Беларускага ПЭНа за камунікацыю і непасрэдныя рашэнні, Англійскаму і Міжнароднаму ПЭН-цэнтрам за імклівае падключэнне да справы і паспяховыя вынікі», — распавялі ў выдавецтве.
Але новы кантракт з праваўладальнікамі заключаны на жорсткіх умовах — беларускамоўныя пераклады кніг Джоан Роўлінг будуць эксклюзіўна прадавацца толькі на пляцоўках выдавецтва «Янушкевіч»: у краме «Кнігаўка» ў Варшаве, інтэрнэт-краме выдавецтва, маркетплейсах Allegro і Amazon.
Прадаваць іх у Беларусі і РФ забаронена.
«А гэта азначае, што мы не зможам дасылаць кнігі пра Гары Потэра поштай у Беларусь. Спадзяёмся, што, нягледзячы на гэтыя перашкоды, нашы чытачы на радзіме знойдуць рашэнні, як набыць і атрымаць новыя выданні», — патлумачылі ў выдавецтве.
У чэрвені гэтага года стала вядома, што праваўладальнікі забаранілі выдавецтву «Янушкевіч» выпускаць кнігі пра Гары Потэра на беларускай мове. Рашэнне абгрунтавалі тым, што «яны не хочуць звязвацца ні з чым беларускім, пакуль Рэспубліка Беларусь пад санкцыямі».
Выдавецтва «Кнігаўска» вядомае сваімі перакладамі набеларускую мову класікі сусветнай літартаруы. Ужо выйшлі тры першыя кнгі з серыі гісторый пра Гары Потэра: «Гары Потэр і Філасофскі камень», «Гары Потэр і Таемны пакой» і «Гары Потэр і Вязень Азкабана».
вх