У дачыненні да Беларусі дзейнічае 1 499 сектаральных і персанальных санкцый, гаворыцца ў артыкуле старшага навуковага супрацоўніка Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Наталлі Ганчарык «Ці ёсць жыццё пад санкцыямі?» у снежаньскім нумары часопіса «Фінансы. Улік. Аўдыт».
Удакладняецца, што з іх 711 уведзена «пасля лютага 2022 года». Агульная колькасць закранутых санкцыямі суб'ектаў у краіне — 298: 261 фізічная асоба і 37 юрыдычных асоб.
Са спасылкай на міжнародныя сэрвісы ўдакладняецца, што Беларусь уваходзіць у сямёрку дзяржаў з максімальнай колькасцю ўведзеных санкцый: яе апярэджваюць Расія (больш за 22 тыс.), Іран (5,3 тыс.), Сірыя (2,9 тыс.) і Паўночная Карэя (2,2 тыс.), за Беларуссю ідуць М'янма (больш за 1 тыс.) і Венесуэла (748).
«Прамы ўплыў абмежаванняў закрануў каля 25% беларускай эканомікі і ўскосна адбіўся на ёй агулам», — гаворыцца ў артыкуле.
«Асноўны ўдар прыпаў на прамысловыя галіны і валаўтваральныя прадпрыемствы», — піша аўтар.
Праз рэальны сектар праблемы перацякаюць на спадарожныя сектары, асабліва на аптовы гандаль і грузаперавозкі.
Па дадзеных Наталлі Ганчарык, санкцыі закранулі каля 70% экспарту ў Еўрасаюз, ці амаль 17% ад усіх паставак тавараў за мяжу: «Увядзенне бар'ераў выклікала неабходнасць пошуку новых рынкаў збыту і шляхоў дастаўкі калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў, прадукцыі дрэваапрацоўкі».
Гэта названа «вынікам перафарматавання палітычных адносін» (з Захадам, — рэд.).
pozirk.online/вх