Беларуская Служба

У 2024 годзе каля 9 тысяч беларусаў атрымалі «карту паляка»

28.12.2024 07:31
Цягам апошніх гадоў улады Беларусі ўзмацнілі кантроль над грамадзянамі, якія маюць дазвол на жыхарства ў іншай краіне ці другі пашпарт.
Узор Карты палякаCouncil of Ministers of the Republic of Poland - Kancelaria Prezesa Rady Ministrów - Domena publiczna

У 2024 годзе Польшча выдала беларусам каля дзевяці тысяч Карт паляка, такую ​​інфармацыю «Медыязоне» паведамілі ў прэс-службе польскага Міністэрства замежных спраў.

Карта паляка — дакумент, які пацвярджае роднасную і культурную сувязь іншаземца з Польшчай. Ён дае шэраг пераваг у гэтай краіне — атрыманне нацыянальнай візы, адсутнасць неабходнасці атрымліваць дадатковыя дазволы пры працаўладкаванні, спрошчаны працэс атрымання віду на жыхарства і польскага грамадзянства.

У апошнія некалькі гадоў улады Беларусі ўзмацнілі кантроль над грамадзянамі, якія маюць дазвол на жыхарства ў іншай краіне ці другі пашпарт. Увосень 2022 года Лукашэнка загадаў «разабрацца» з тымі грамадзянамі Беларусі, хто мае іншае грамадзянства, ДНЖ ці «карту паляка».

Лукашэнка таксама ў 2024 годзе падпісаў закон «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», паводле якога кандыдатамі ў прэзідэнты не могуць быць беларусы, у якіх ёсць ці было замежнае грамадзянства, замежны ВНЖ або дакумент, які дае права на льготы ў іншай краіне — такім дакументам з'яўляецца «карта паляка».

вх