Фонд не працуе з канца 2021 года, але гэта не перашкодзіла сілавікам прызнаць яго «экстрэмісцкім фарміраваннем» і арыштаваць датычных, паведамляе «Наша ніва».
Алану Роя 44 гады. Вядома, што родам ён з эстонскага горада Тарту. Пасля гімназіі паступіў у найбольшую прыватную вышэйшую ўстанову Эстоніі — Міжнародны ўніверсітэт Audentes.
Мяркуючы па сацсетках, у Алана ёсць жонка-беларуска і непаўналетняе дзіця. Апошнія гады сям'я жыла ў Англіі, у горадзе Чафард Хандрэд.
Роя працаваў у розных бізнесах і адказваў там за продажы. У яго таксама ўласная кампанія.
У кастрычніку 2020 года Алан Роя і два беларусы — баскетбольны суддзя Аляксандр Сырыца, які доўгі час жыве ў Аўстраліі (цяпер — за кратамі) і беларус Алег Стэфановіч (ягоны лёс невядомы) стварылі Фонд сяброў Беларусі — Fund of Belarus friends.
Фонд дапамагаў беларусам, пацярпелым ад рэпрэсій. Яго дзейнасць цалкам спынілі напрыканцы 2021 года, а ў 2022-м закрылі юрасобу, якая з ім звязаная.
Алана затрымалі каля года таму, прыкладна ў той жа час, што і Аляксандра Сырыцу. А 16 студзеня 2024 года КДБ уключыў Фонд сяброў Беларусі ў спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў». Цяпер, па звестках «Вясны», Алан за кратамі па абвінавачанні ў яго стварэнні.
яс