Беларуская Служба

Распачаты прыём заявак на атрыманне «пашпарта новай Беларусі»

27.01.2025 12:00
«Наша задача - каб да канца года пашпарт быў унесены з тым ці іншым статусам у базу Еўрасаюза», - падкрэсліў Франак Вячорка.
Пашпарт Новай Беларусіфота: Офіс С.Ціханоўскай

Распачаты прыём перадзамоваў на атрыманне «пашпарта новай Беларусі» паведаміў на форуме «Беларусы вартыя лепшага» 26 студзеня ў Варшаве галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Падаць заяўку можна на сайце праекта.



«Пасля верыфікацыі вы атрымаеце пацверджанне. [Пасля гэтага] прызначаецца дата і праз тыдзень атрымліваеце дакумент», - сказаў Вячорка.

Да 31 сакавіка, паводле яго слоў, будуць завершаныя «ўсе неабходныя аўдыты» праекта, у тым ліку праверка сістэмы бяспекі пры захоўванні асабістых даных грамадзян.

Да «канца лета, да жніўня» дэмсілы будуць весці перамовы з уладамі дэмакратычных краін адносна статусу дакумента, дадаў дарадца Ціханоўскай.

«Пасля гэтага мы будзем мець разуменне, у якіх краінах ёсць прагрэс па статусе пашпарта», - удакладніў ён.

Праца па пашпарце «нарошчваецца» без «афіцыйнага прызнання» пашпарта, каб стварыць базу грамадзян, якія жадаюць атрымаць дакумент, сказаў Вячорка.

«Наша задача - каб да канца года пашпарт быў унесены з тым ці іншым статусам у базу Еўрасаюза», - падкрэсліў палітык.

Пры гэтым, паводле яго слоў, прыярытэтам дэмсіл застаюцца пытанні легалізацыі беларусаў за мяжой: «Пашпарты замежніка, ВНЖ, каб не патрабавалі апастыль, каб надавалі міжнародную абарону… Каб людзі, якія пакінулі Беларусь праз рэпрэсіі, не пакутавалі ў іншых краінах».

Вячорка падкрэсліў, што праца па рэалізацыі праекта «пашпарта новай Беларусі» з’яўляецца «доўгатэрміновай». «І мы будзем яго рабіць у любым выпадку, каб давесці да канца. Гэта наш пашпарт. Адно не супярэчыць іншаму», - адзначыў дарадца Ціханоўскай.

«Позірк» нагадвае, што, як паведаміў 14 студзеня дырэктар праекта Марус Гудэлайціс, друкаваць «пашпарты новай Беларусі» плануецца ў створаным у Вільнюсе Беларускім пашпартным цэнтры, «разглядаецца магчымасць стварэння аналагічных цэнтраў у Польшчы і, магчыма, Украіне».

Будучы статус пашпарта, паводле слоў Гудэлайціса, «падлягае абмеркаванню», падарожнічаць з ім «будзе нельга да ўключэння яго ў базы трэвел-дакументаў».

аз

У Сейме Літвы ў закрытым рэжыме абмеркавалі пытанне «пашпарта новай Беларусі» з Пагоняй. Дакумент не прызнаюць

22.01.2025 17:02
Дыскусія пачалася пасля таго, як анансавалі тэрміны прыёму заяў на «пашпарт новай Беларусі» і апублікавалі яго вокладку.